RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Хлопцы і дзяўчаты Магілёўскай вобласці традыцыйна прымуць удзел у Дні моладзі на «Славянскім базары ў Віцебску»

Хлопцы і дзяўчаты Магілёўскай вобласці традыцыйна прымуць удзел у Дні моладзі на «Славянскім базары ў Віцебску». Асноўныя мерапрыемствы фестывалю адбудуцца з 15 па 18 ліпеня.

Свята юнацтва і творчасці, натхнення і энергіі, запалу і дружбы гэтым разам пройдзе ў фармаце фэста «Запальвае моладзь» па трох напрамках: «Агні народнага адзінства», «Агні новых перамог», «Агні таленавітай моладзі». У праекце прыме ўдзел самая творчая і таленавітая моладзь з усіх рэгіёнаў краіны.

Нашы танцавальныя і вакальныя калектывы, якія сталі пераможцамі абласнога этапу нацыянальнага фестывалю-конкурсу маладзёжнай творчасці «Агонь маладзёжных талентаў», прымуць удзел у фінальным туры спаборніцтва. Ён прадугледжвае адкрыты фармат са свабодным доступам гледачоў на агульную зону правядзення. Таксама валанцёры руху БРСМ «Добрае сэрца» прадставяць у Віцебску тэматычную пляцоўку «Беларусь добрая». Тут гасцей і ўдзельнікаў фэсту чакае фотазона, майстар-класы па вырабе васількоў з гафрыраванай паперы і заплятанні кос, бодзі-арт, твістынг (скручванне фігур з паветраных шароў), мыльныя бурбалкі, акцыя «Далонька дабра».

У цэлым праграма дня моладзі багатая на розныя падзеі. Яркім пачаткам 17 ліпеня стане арт-парад «Беларусь адзіная!» пад дэвізам «Адзінства! Развіццё! Незалежнасць!». Праграму на плошчы Перамогі ля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў працягне патрыятычная акцыя «Беларусь памятае. Памятаем кожнага».

Афіцыйная цырымонія адкрыцця Дня моладзі пройдзе з удзелам ганаровых гасцей, у тым ліку з Расіі. Старт дасць ореп-air «Запалі маладзёжны агонь», дзе кожны знойдзе сабе заняткі па інтарэсах. Напрыклад, на пляцоўцы #Беларусь гістарычная можна будзе ўключыцца ў рэканструкцыю друкарні газеты «Заря», паўдзельнічаць разам з яе падпольнай рэдакцыяй у абмеркаванні навін з «вялікай зямлі» і вёрстцы гэтага выдання на старадаўняй друкаванай машынцы. На пляцоўцы настольных гульняў і развіваючых квізаў #Пазнай Беларусь можна стаць удзельнікам інтэлектуальнага дрыфт-трэкінгу «Дакладна адкажы – і едзь!» з магчымасцю катання на дрыфт-трайку за правільныя адказы пра гісторыю роднай краіны.

На палях Дня моладзі разгорнецца экспазіцыя выставы ваеннай тэхнікі, макетаў зброі часоў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў з удзелам рэканструктараў, рэтрааўтамабіляў і аўтацюнінгу, адбудуцца аўтапрабег «За адзіную Беларусь» і чэмпіянат па зборы спілс-карты Беларусі.

Завершаць Дзень моладзі ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў розных праектаў, аўтапаці і феерверк.

Арганізатарам Дня моладзі на «Славянскім базары ў Віцебску» выступае БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, дырэкцыі фестывалю, Віцебскага аблвыканкама.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая