RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Хрэсны ход у гонар Баркалабаўскай іконы Божай Маці адбудзецца 23 ліпеня

Традыцыйны хрэсны ход у гонар Баркалабаўскай іконы Божай Маці, дзень святкавання якой адзначаецца 24 ліпеня, адбудзецца 23 ліпеня, паведамляецца на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы.

Шлях багамольцаў працягласцю 40 км будзе пралягаць са Свята-Мікольскага манастыра горада Магілёва да Свята-Узнясенскага манастыра ў пасёлку Баркалабава Быхаўскага раёна, дзе знаходзіцца цудатворны абраз. Далучыцца да хроснага ходу можна на любым адрэзку пуці, удакладнілі ў БПЦ.

Баркалабаўская ікона Божай Маці - адна з самых шанаваных святынь у Беларусі. Яе спісы знаходзяцца ў шматлікіх храмах. Па паданні, ікону ў Баркалабаўскай абіцелі пакінуў, вяртаючыся з паходу, рускі князь Пажарскі. Коні князя спыніліся каля манастыра і не рухаліся з месца, паказаўшы гэтым месца далейшага знаходжання святыні.

Знакаміты абраз асабліва праславіўся цудамі падчас Паўночнай вайны і вайны 1812 года. Пасля 1920 года, калі манастыр быў зачынены, абраз захоўвалі вернікі. А напярэдадні Вялікадня 1953 года цудатворны абраз прынеслі ў Свята-Троіцкі храм Быхава. Там цудатворны абраз захоўваўся да ліпеня 2010 года, нязменна збіраючы вялікую колькасць вернікаў. 25 ліпеня 2010 года старажытная ікона была ўрачыста перанесена ў аднаўляемую Баркалабаўскую мясціну. Цяпер тут адзначаюць двайное свята цудатворнага вобраза: 24 ліпеня - дзень здабыцця і 25 ліпеня - дзень перанясення іконы з граду Быхава ў Баркалабаўскі манастыр.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая