RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Бокій заняў 5-е месца на стаметроўцы брасам на такійскай Паралімпіядзе

Беларускі плывец Ігар Бокій заняў пятае месца на дыстанцыі 100 м брасам на Паралімпійскіх гульнях у Токіа.

Сёння пяціразовы чэмпіён такійскай Паралімпіяды ў фінальным заплыве на стаметроўцы брасам (клас SB13) быў пятым, паказаўшы час 1 мін. 05,90 сек. Чэмпіёнам стаў немец Таліса Энгель, які ўстанавіў новы сусветны рэкорд - 1 мін. 02,97 сек.

Да гэтага ў сталіцы Японіі Ігар Бокій перамагаў, абнаўляючы сусветныя дасягненні на дыстанцыі 100 м батэрфляем і на аналагічнай дыстанцыі ў плаванні на спіне, а таксама на 50 м і 400 м вольным стылем. Мінулыя гады Ігар Бокій заваяваў 11 залатых медалёў на Паралімпіядах у Лондане-2012 (5) і Рыа-дэ-Жанэйра-2016 (6). Такім чынам, цяпер у яго скарбонцы 16 узнагарод вышэйшай пробы, заваяваных на трох Паралімпійскіх гульнях запар.

Таксама сёння ў фінальным заплыве ў мужчын на дыстанцыі 200 м брасам (клас SM9) беларускі плывец Ягор Шчалканаў заняў чацвёртае месца. Раней ён стаў уладальнікам сярэбранага медаля на дыстанцыі 100 м у плаванні на спіне.

Пазней у фінале дыстанцыі 100 м брасам (клас SB12) выступіць беларускі атлет Уладзімір Ізотаў, а беларус Уладзіслаў Грыб паспаборнічае за ўзнагароды ў сектары для кідання булавы.

Цяпер у скарбонцы беларускіх паралімпійцаў 7 узнагарод: 5 залатых, якія заваяваў Ігар Бокій, серабро Ягора Шчалканава і бронза кап'якідальніцы Лізаветы Пятрэнка. У Токіа беларускія спартсмены выступаюць у пяці відах спорту.

На Паралімпіядзе-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра беларусы заваявалі 10 узнагарод - 8 залатых і 2 бронзавыя, заняўшы 19-е месца ў агульнакамандным медальным заліку. Для беларускіх спартсменаў гэта сёмая летняя Паралімпіяда, усяго з часу Атланты-1996 прадстаўнікі Беларусі заваявалі 98 медалёў (36, 32, 30).

У спаборніцтвах у Токіа выступаюць каля 4 тыс. паралімпійцаў, якія прадстаўляюць больш за 160 краін свету. Яны разыгрываюць 539 камплектаў узнагарод у 22 відах спорту. Урачыстае закрыццё Гульняў адбудзецца 5 верасня.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая