RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Карпенка: перад выпускнікамі адкрыты ўсе дарогі, і толькі ад іх выбару будзе залежаць будучыня

Перад выпускнікамі адкрыты ўсе дарогі, і толькі ад іх выбару будзе залежаць іх будучыня. Пра гэта сказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас рэспубліканскага свята «Апошні званок – 2021», якое прайшло ў Бабруйску.

«Рэспубліканскі апошні званок дапамагае маладым людзям стварыць святочны настрой. Сёння важны дзень у іх жыцці: перад імі адкрыты ўсе дарогі, ад іх залежыць, кім яны стануць, як будуць жыць і працаваць на карысць нашай Радзімы, – сказаў Ігар Карпенка. – Я ўпэўнены: дзеці з-за пандэміі засумавалі па рэальных і жывых зносінах. Апошні раз такое свята праходзіла ў Оршы два гады таму, а ў мінулым годзе ў нашы планы ўмяшалася пандэмія».

Міністр адукацыі падзяліўся ўспамінамі аб сваім апошнім званку. «У мяне ў гэтым годзе 40 гадоў выпуску са школы, мы збіраліся ў дзень сустрэчы выпускнікоў у лютым. Марыў паступіць на гістарычны факультэт у педагагічны інстытут. Праўда, першы год мая мара не спраўдзілася. У выніку ўсё роўна заняўся сваёй любімай педагагічнай дзейнасцю, працаваў у сельскай школе, потым была армія і толькі затым паступіў на гістарычны факультэт. Трэба сказаць, што мары, якія задумваеш у перыяд выпуску са школы, заўсёды спраўджваюцца. Хай і нашым выпускнікам пашанцуе».

27 мая ў Бабруйску сабралася каля 2 тыс. выпускнікоў з усёй Беларусі. Гэта найлепшыя навучэнцы 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска, Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.

Ігар Карпенка павітаў удзельнікаў маштабнага свята і зачытаў выпускнікам прывітальнае слова ад Аляксандра Лукашэнкі. Да віншаванняў далучыўся старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў. «Сёння для ўсіх вас важны дзень: вы пачынаеце новы этап ужо дарослага жыцця, – адзначыў ён. – Моладзь – гэта наша будучыня. Памятайце і любіце сваю малую радзіму, шануйце і беражыце нашу краіну. І няхай у вас усё атрымаецца».

Як падзялілася выпускніца Ганна Жымань з Пінска, не кожнаму выпускніку выпадае магчымасць трапіць на такое вялікае свята. «Мне пашчасціла быць у ліку яго ўдзельнікаў. Я пастаянна ўдзельнічаю ў гарадскіх алімпіядах па розных прадметах. Хачу паступаць у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і ў будучым стаць эканамістам-лагістам. Выбар звязаны з маёй цікавасцю да матэматыкі і замежнай мовы, – падзялілася выпускніца. – Сёння адбываецца адна з першых падзей дарослага жыцця. З уборам вызначалася нядоўга, больш настройвалася маральна. Мне тут вельмі падабаецца».

Магіляўчанка Лаліта Якуціна адзначыла, што такое рэспубліканскае свята – выдатная магчымасць сустрэцца з сябрамі. «Калі я даведалася, які фармат свята нас чакае, трохі спалохалася. Ён такі маштабны. Але потым прыехала сюды і з палёгкай выдыхнула. Убачыла шмат знаёмых, з якімі перасякаліся на алімпіядах па рускай мове і літаратуры, пазнаёмілася з хлопцамі і дзяўчатамі з іншых рэгіёнаў. Усе класныя, прыязныя, – падзялілася Лаліта Якуціна. – Школьныя гады лёгкімі не назаву, напэўна, так у кожнага вучня. Шмат трэба было вучыць, адкрываць для сябе новага. Гэта самы лепшы час, таму што мы маладыя, у нас яшчэ ўсё наперадзе. Я ўжо вырашыла, кім хачу стаць, – журналістам. Буду паступаць у БДУ. Мне падабаецца пісаць, люблю зносіны і актыўнае жыццё – не бачу сябе ў чымсьці іншым».

Выпускнік Уладзіслаў Юхневіч з Гродзенскай вобласці падзяліўся, што за высокімі дасягненнямі школьнікаў заўсёды стаіць вялізная праца настаўнікаў. «Хачу падзякаваць настаўнікам, якія дапамагалі мне ўсе 11 школьных гадоў. Іх праца зрабіла мяне тым, кім я зараз з’яўляюся. Я вельмі ганаруся, што цяпер тут, бо гэта значыць, што нашы працы не засталіся незаўважанымі», – падзяліўся школьнік.

Падчас свята хлопцы і дзяўчаты ўсклалі кветкі і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны ля мемарыяла на плошчы Перамогі. Пасля гэтага яны сталі ўдзельнікамі ўрачыстай лінейкі, дзе найлепшыя навучэнцы атрымалі ўзнагароды. Працягнулася свята дыскатэкай, фінальным акордам якой стаў вялікі святочны салют.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая