RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Петрышэнка: у Год гістарычнай памяці «Купалле» злучыць у сабе традыцыі і сучаснасць

Свята «Купалле» ў Год гістарычнай памяці злучыць у сабе традыцыі і сучаснасць. Пра гэта сказаў сёння намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні «Купалля» («Александрыя збірае сяброў»).

«З часоў свайго станаўлення «Купалле» стала адной з важных культурных пляцовак краіны, якая злучае традыцыі і сучаснасць. Мы даўно вызначыліся з агульным фарматам мерапрыемства, якое дазваляе забяспечыць правядзенне яркай культурнай падзеі. Але нам нельга спыняцца на дасягнутым, тым больш што творчасць – гэта не застылы элемент. Пастаяннае штогадовае пашырэнне фармату свята, яго маштабу, з’яўленне новых выстаў, пляцовак, паказаў і выступленняў сведчыць аб наяўным патэнцыяле, які трэба прадэманстраваць і ў гэтым годзе», – сказаў Ігар Петрышэнка.

Як адзначыў намеснік прэм’ер-міністра, 2022-і – Год гістарычнай памяці, таму тэматыка мерапрыемстваў, пляцовак і галоўнага канцэрта павінна быць звязаная з захаваннем памяці аб развіцці і станаўленні як краіны ў цэлым, так і асобных яе населеных пунктаў, арганізацый, а таксама ўкладаў вядомых і простых людзей у гэтыя працэсы. «На святкаванні «Купалля» мы дэманструем розныя гістарычныя элементы, абрады, якія ідуць з глыбіні стагоддзяў», – дадаў ён.

«Свята “Купалле” – гэта не толькі брэнд Магілёўшчыны, Александрыі. Гэта брэнд ўсёй краіны. На мерапрыемства прыязджаюць замежныя госці, суседзі з Расійскай Федэрацыі (у тым ліку з далёкіх рэгіёнаў – Сібіры, Далёкага Усходу), Украіны, краін Балтыі і акунаюцца ў атмасферу гэтага свята, – акцэнтаваў увагу віцэ-прэм’ер. – На свяце заўсёды шмат моладзі, наведвальнікаў з дзецьмі. Традыцыйна мы запрашаем і дыпламатычны корпус».

Свята ў 2022 годзе плануецца правесці па аналогіі 2021 года – у адзін дзень, пачаўшы працу пляцовак 9 ліпеня (субота) з 11.00 і завяршыўшы начной дыскатэкай 10 ліпеня (нядзеля) а 3.00. Традыцыйна асноўнымі мерапрыемствамі стануць цырымонія адкрыцця, ушанаванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу, канцэрты артыстаў эстрады, начная маладзёжная дыскатэка, гала-канцэрт, гандаль на імправізаваных кірмашовых вуліцах.

Акрамя таго, будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, а на кірмашовых вуліцах разгорнуць працу гандлёвыя рады, гульнявыя атракцыёны, цырк-шапіто, выставы-продажы, рэгіянальныя міні-павільёны, сфарміраваныя па відах народных промыслаў і рамёстваў. Асноўным мерапрыемствам стане гала-канцэрт – музычнае падарожжа ў жанры караоке «Вакол Беларусі за адзін канцэрт», які пройдзе на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая