RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Інтэрактыўная выстава «Партызаны Беларусі» пачынае падарожжа па ВНУ Магілёўскай вобласці

Адкрыццё інтэрактыўнай выставы «Партызаны Беларусі» адбудзецца 29 верасня ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова. Пра гэта паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

У калекцыю ўвайшлі гістарычныя фатаграфіі, узнагародныя лісты і баявыя характарыстыкі партызан і падпольшчыкаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя раскрывае подзвігі і заслугі канкрэтных байцоў, расказвае аб баявых сутыкненнях, партызанскіх фарміраваннях.

Як адзначылі суразмоўцы, выстава заснаваная на дакументах унікальнага інтэрнэт-праекта выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь «Партызаны Беларусі» (partizany.by), фотаматэрыялах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (БДАКФФД).

Падчас адкрыцця экспазіцыі ў зале бібліятэкі ўніверсітэта будзе прадстаўлены інтэрактыўны стэнд праекта partizany.by, з дапамогай якога кожны наведвальнік зможа паспрабаваць знайсці свайго гераічнага продка з ліку партызан і падпольшчыкаў.

«Выстава ўжо экспанавалася ў Брэсце, Гродне, Гомелі, Віцебску, Полацку, Барысаве. У далейшым яна працягне свой шлях па ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі, у прыватнасці да канца года плануецца ахапіць вышэйшыя навучальныя ўстановы Мінска, Магілёўскай вобласці, – адзначылі ва ўпраўленні. – Акрамя таго, інтэрактыўны праект плануюць прадставіць у раённых цэнтрах, воінскіх часцях, на прадпрыемствах і арганізацыях».

Пачатак мерапрыемства ў 14.50 па адрасе: горад Магілёў, вул. Касманаўтаў, 1, навучальны корпус (бібліятэка, 2 паверх).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая