RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Каб адчуванне свята жыло ў душы як мага даўжэй» – Анатоль Сівак павіншаваў дзяцей Асіповіцкай школы-інтэрната

Намеснік Прэм'ер-міністра Анатоль Сівак сёння ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» прывёз салодкія падарункі – цукеркі, клубніцы, фрукты – у Асіповіцкую дзяржаўную спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата.

– Гэтыя сустрэчы сталі добрай традыцыяй, яны зараджаюць нас пазітыўнымі эмоцыямі, і я хачу пажадаць сёння ўсім, каб адчуванне свята жыло ў душы як мага даўжэй. Каб мары, загаданыя каля ўпрыгожанай елкі, абавязкова здзяйсняліся, а ў ажыццяўленні ўсіх задуманых планаў вам заўсёды дапамагалі добрыя чараўнікі – вашы бацькі, выкладчыкі, сябры, – звярнуўся ён да дзяцей.

– Школу-інтэрнат у Асіповічах я наведваю не першы раз, быў тут летась на навагоднім ранішніку, ад якога засталіся самыя цёплыя ўражанні. І – падарунак. Тады дзеці паднеслі мне сімвал надыходзячага 2021 года – бычка. Ён увесь год са мной у машыне катаецца, – адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Маслаў.

Сімвалаў надыходзячага 2022-га – тыгранят – дзеці сваімі рукамі змайстравалі для гасцей і ў гэты раз. А яшчэ выхаванцы школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата падрыхтавалі святочнае тэатралізаванае прадстаўленне пад назвай «Навагодняя казка», даказаўшы, што іх магчымасці насамрэч бязмежныя.

Вясёлыя карагоды, танцы, флэшмоб «Ура! Зіма прыйшла!» і мноства казачных персанажаў: Дзед Мароз, Снягурачка, Беласнежка і 7 гномаў, кот Леапольд, Тыграня…

«Цэлы месяц рыхтаваліся, развучвалі танцы, вершы, песні», – прызнаецца 12-гадовы шасцікласнік Ігар Тузаў.

Нягледзячы на тое, што перасоўваецца Ігар на інваліднай калясцы, ён актыўны ўдзельнік творчых мерапрыемстваў. У цяперашняй пастаноўцы выступіў у ролі Мышкі-шкаднюшкі, да гэтага быў Кураняткам, Клоўнам, Бэтмэнам.

У Асіповіцкую школу-інтэрнат хлопчык прыехаў з аграгарадка Трылесіна Дрыбінскага раёна:

– Пасля прадстаўлення адпраўлюся дадому, свята буду сустракаць разам з мамай. Усім жадаю, каб блізкія заўсёды былі побач, а яшчэ – моцнага здароўя.

Дзяржаўная спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату ў Асіповічах была адкрыта ў 1964 годзе. Сёння тут вучыцца 61 дзіця ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў: з Магілёўскага, Быхаўскага, Клімавіцкага раёнаў, Асіповіч, Салігорска, Віцебска. Сярод іх тыя, хто мае сям'ю, і дзеці-сіроты. Большасць жыве тут круглы год, блізкія іх наведваюць, забіраюць дамоў на канікулы.

– Дзеці ў нас не толькі вучацца, але і праходзяць аздараўленне, рэабілітацыю, для гэтага створаны выдатныя ўмовы: ёсць басейн, фізіяпрацэдурны кабінет, ЛФК, спецыяльны лячэбны апарат для БОС-тэрапіі, ванна для гідрамасажу, іпатрэнажор для прафілактыкі і рэабілітацыі парушэнняў функцыі апор рухальнага апарата, – пералічвае дырэктар школы Ларыса Гармаш. – Іпатрэнажор, напрыклад, падарыла нам у свой час Генпракуратура.

 

З падарункам – сертыфікатам на набыццё прынтара – прыехаў сёння ў школу старшыня Асіповіцкага райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі. А да гэтага спонсары падарылі інтэрнату камп’ютарную тэхніку.

Дарэчы, працаваць на камп'ютарах тутэйшыя дзеці любяць. У школе-інтэрнаце, апроч звычайнай, ёсць спецыяльная тэхніка, з якой зможа справіцца дзіця з ДЦП. Дарэчы, у будучыні многія вучні бачаць сябе айцішнікамі. 16-гадовы 11-класнік Кірыл Астаповіч, які ў навагодняй казцы выканаў ролю Снегавіка, прызнаецца:

– Я люблю жывёл, дома ў мяне 3 сабакі: лабрадор Макс, такса Джэк і мопс Арчы. У дзяцінстве заўсёды марыў стаць ветурачом, а калі падрос, зразумеў: місія невыканальная. Але праблемы са здароўем – у мяне дрэнна працуюць рука і нага – не перашкодзяць мне стаць добрым праграмістам.

У сферы IT-тэхналогій бачыць сябе і 15-гадовы Аляксей Хрысцічэнка з Глуска. Зрэшты, у свята дзеці больш загадвалі не аб прафесіях. Мары ў іх самыя простыя: «Хочам быць здаровымі і часцей бачыцца з тымі, каго любім».

Марафон дабра «Нашы дзеці» даўно стаў традыцыяй у Беларусі. Кіраўнікі міністэрстваў, ведамстваў, прадпрыемстваў, арганізацый наведваюць дзяцей у інтэрнатах, апякунскіх сем'ях, дамах сямейнага тыпу, у бальніцах. Усяго сёлета на Магілёўшчыне ўдзельнікамі гэтай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі стануць каля 150 тысяч дзяцей.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая