RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каля 350 прапаноў па змене Канстытуцыі ўнеслі беларусы за тры дні

Каля 350 прапаноў па змене Канстытуцыі краіны ўнеслі беларусы за тры дні. Пра гэта дэпутат, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Свіла пведаміў у навінавым выпуску на тэлеканале СТВ.

Палата прадстаўнікоў размясціла на сваім сайце аб’яву аб прыёме прапаноў па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 2 кастрычніка. Тэма актуальная да 25 кастрычніка.

Паводле слоў Віктара Свілы, актыўнасць грамадзян прыемна здзіўляе. «Да абеду 5 кастрычніка ўжо было каля 350 прапаноў ад грамадзян. Вельмі цікавыя прапановы. Вядома, яны не носяць характар строга сфармуляваных юрыдычных формул, якія бяры і ўжывай у Канстытуцыі. Людзі пішуць і выказваюць свае жаданні. І задача парламента – апрацаваць гэта ўсё. У такім выпадку парламент выступае як агрэгатар. Усе прапановы, якія простыя грамадзяне накіроўваюць нам, павінны быць пэўным чынам згрупаваныя, апрацаваныя. Пасля павінен быць выдадзены нейкі выніковы прадукт, скажам, юрыдычнага характару. Але гэта ўжо будуць прапановы парламента», – сказаў ён.

Парламентарый падзякаваў ўсім людзям, якія дасылаюць прапановы. Ён падкрэсліў, што дэпутаты абагульняць і прааналізуюць сабраныя матэрыялы. «Я хацеў бы перасцерагчы ад расчараванняў тых нашых аўтараў, якія могуць не ўбачыць сваіх прапаноў. У тым ці іншым выглядзе яны будуць улічаны пры працы і ў выніковым прадукце, натуральна, знойдуць сваё адлюстраванне», – рэзюмаваў Віктар Свіла.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая