RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каля 500 рабят сабрала абласное дабрачыннае свята ў Магілёве

Навагодняе дабрачыннае свята для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з дамоў сямейнага тыпу, а таксама выхаванцаў цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі сабрала сёння ў абласным цэнтры творчасці каля 500 хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго рэгіёну. Сярод гасцей свята - 35 дзяцей з Луганскай вобласці, якія цяпер знаходзяцца на аздараўленні ў адным з санаторыяў Прыдняпроўскага краю. Павіншаваў дзяцей з Новым годам і надыходзячымі Калядамі намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка.

«Кожнае дзіця на гэтай планеце чакае цуду. У час Новага года або Раства - асабліва, - падкрэсліў ён у час размовы з журналістамі. - І вельмі важна тое, што робіць сёння кіраўнік нашай дзяржавы, прымаючы дзяцей з тэрыторый, дзе сёння, на жаль, неспакойна. Дэманструючы ім клопат і гасціннасць беларусаў. Мы стараемся зрабіць усё, каб яны адцягнуліся ад паўсядзённых праблем, паверылі ў цуд і адчулі цяпло, якога пазбаўлены. І, мяркуючы па водгуках гэтых рабят і кіраўнікоў групы, у нас гэта атрымалася.

Традыцыйна на свята прыбылі дзеці з усіх рэгіёнаў Магілёўшчыны. Як прадстаўнікі органаў выканаўчай улады мы рэгулярна сустракаемся з бацькамі-выхавальнікамі, апякунскімі сем'ямі. І не толькі ў межах акцыі «Нашы дзеці». Паколькі ўвага залішняй не бывае. Важна, што яна персаніфікаваная. Робіцца вельмі шмат, пры гэтым трэба заўсёды разумець, наколькі акружаныя клопатамі кожная сям'я, кожнае дзіця».

У гэты дзень рабят чакалі вясёлыя карагоды ля навагодняй ёлкі, спектакль «Геракл. Новая гісторыя» і салодкія падарункі.

Маці-выхавацель дзіцячага дома сямейнага тыпу Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Сяргеева на свята прыехала з пяццю дзецьмі, усяго іх у сям'і - сем.

«Мы вельмі любім святы, шануем сямейныя традыцыі. А Новы год - адзін з самых галоўных для нас. Заўсёды рыхтуемся да яго загадзя: прадумваем касцюмы, уборы, упрыгожваем хату. З вялізным жаданнем дзеці заўсёды ўключаюцца ў працэс. І, вядома, любім казкі, таму з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне. У палацы творчасці заўсёды маляўнічыя пастаноўкі, якія падабаюцца дзецям - музычна, сучасна, з яркімі касцюмамі».

У гэтай сям'і ў цуд працягваюць верыць і малыя, і старэйшыя. Сямігадовая Ангеліна падзялілася, што на Новы год заўсёды з братамі і сёстрамі яны пішуць ліст Дзеду Марозу: «Ён заўсёды выконвае нашы жаданні. У гэтым годзе я папрасіла сабаку-робата, цяпер у мяне ёсць такі незвычайны сябар». 16-гадовы Арсеній таксама прызнаўся, што Новы год – адно з любімых святаў: «Гэта як новая старонка жыцця, новыя ўражанні, эмоцыі, прыгоды. Абдумваеш, што атрымалася зрабіць за гэты год, ставіш мэты на наступны. Калі быць настойлівым, то ўсё атрымаецца. Я хачу быць ваенным, напрыклад, таму ўжо зараз вучуся ў ваенна-патрыятычным класе, з'яўляюся камандзірам класа. І хоць я ўжо ў такім узросце, што сам магу быць чараўніком для сваіх малодшых сясцёр і братоў, у цуды яшчэ веру. І шаную сапраўднае сяброўства, каханне, паразуменне. Жадаю гэтага ўсім».

Як расказала дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ірына Фісюк, ужо 12-ы раз у рэгіёне праходзяць такія дабрачынныя святы для асаблівых катэгорый дзяцей.

«Безумоўна, у гэтыя дні кожны з дарослых перапоўнены вялікім пачуццём - так хочацца, каб свята адбылося для нашых дзетак, асабліва тых, якія не заўсёды атрымліваюць неабходную долю любві і ўвагі, - адзначыла яна. - Сёння ў зале сабраліся дзеці з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, рабяты, якія выхоўваюцца ў цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Мы вельмі спадзяемся, што гэтае свята стане сапраўды яскравым для іх».

Ірына Фісюк адзначыла, што сёння ў вобласці прайшло адразу тры дабрачынныя святы ў адзін дзень. Так, галоўнымі героямі яшчэ аднаго сталі больш за 120 дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Прадстаўленне з падарункамі для іх было арганізавана ў Магілёўскім абласным тэатры лялек. Акрамя таго, каля 250 дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў, а таксама тых сем'яў, якія па розных прычынах апынуліся ў няпростых жыццёвых абставінах, сабрала навагодняе мерапрыемства ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі ім. Дуніна-Марцінкевіча.

«Сёння дзіцячы фонд з дапамогай усіх, хто адгукнуўся, падрыхтаваў больш за 1 тыс. падарункаў, якія будуць уручаны на гэтых урачыстасцях, - падкрэсліла яна. - Традыцыя рабіць добрыя справы замацавалася ў нас у рэгіёне. Так, у акцыі «Нашы дзеці» мы прымаем самы актыўны ўдзел. І ў нас ёсць сваё асаблівае дзейства - марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы». І, сапраўды, мы вельмі шмат мерапрыемстваў праводзім для таго, каб сагрэць сэрцы дзяцей. Вельмі актыўна прайшоў дабрачынны тэлемарафон - на сабраныя сродкі змаглі замовіць усё неабходнае для аказання адраснай дапамогі і часткова ўжо ўручылі дзецям. Выканаем і ўсе астатнія на працягу студзеня.

У гэтыя дні вельмі хочацца гаварыць адно аднаму словы віншаванняў і падзякі, таму ад усёй душы я далучаюся да ўсіх добрых слоў, якія кожны пачуў у гэтыя святочныя дні. Ад імя абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду віншую з Новым годам і надыходзячымі Калядамі ўсіх тых, хто актыўна падтрымлівае нашы акцыі, хто ўсёй душою любіць дзяцей і займаецца дабрачыннасцю не толькі ў навагоднія дні, а робіць гэта ўвесь час па клічы сваёй душы. Няхай у кожнай сям'і будзе цёпла, няхай дзеці будуць сагрэтыя ўвагай, і ўсе мы - жывем пад мірным небам».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая