RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каля 600 дзяцей стала ўдзельнікамі абласнога навагодняга свята ў Магілёве

Каля 600 дзяцей стала ўдзельнікамі абласнога навагодняга свята ў Магілёве. У Палацы культуры вобласці сабраліся дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, навучэнцы спецыялізаваных і звычайных школ, гімназій ва ўсяго рэгіёна. Усе яны паказалі высокія вынікі ў вучобе, творчасці і спорце.

Адной з удзельніц навагодняга свята стала Дар’я Эзрына з Кіраўскага раёна. Школьніца шмат чула аб гэтым свяце, але толькі ў гэтым годзе трапіла на яго. «Я добра вучуся, малюю. На гэта свята прыехала ўпершыню, але вельмі шмат чула пра яго. Мне гаварылі, што тут вельмі прыгожа, заўсёды паказваюць цікавыя спектаклі. І сёння я ўсё гэта ўбачыла сама, – расказала дзяўчынка. – Ад новага года чакаю радасці, весялосці, падарункаў. Хачу пажадаць усім, каб ніхто і ніколі не хварэў. Здароўя ўсім і абавязкова добрых адзнак».

Навагодняя казка для гасцей абласнога свята пачалася яшчэ на вуліцы і ў холе Палаца культуры вобласці. Віталі гасцей навучэнцы Магілёўскага каледжа мастацтваў у касцюмах казачных персанажаў. Студэнткі каледжа, якім дасталася роля снегавічкоў, падзяліліся, што праца з дзецьмі напярэдадні свята – адзін з найлепшых падарункаў. «Сёлета вельмі не хапала яркіх эмоцый. Сёння глядзіш на дзяцей – і хочацца з імі пагуляць, пасмяяцца. Адчуваем вялікую радасць, атрымліваем двайную порцыю добрага настрою і шчасця. Адсюль проста нельга пайсці сумным – гэта мора пазітыву і добрых уражанняў, якія застануцца з намі на ўвесь год, – расказала адна з навучэнак каледжа. – Хай усе мары спраўджваюцца і хай 2021 год прынясе больш шчасця і ўдачы, але самае галоўнае – здароўя».

Разам з выхаванцамі Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху прыехала настаўнік-дэфектолаг Юлія Мірошнікава. Педагог падзялілася, што для дзяцей з парушэннямі слыху такія мерапрыемствы вельмі важныя. «Дзецям важна выязджаць, гэта сацыялізацыя, інтэграцыя ў грамадства. Тут яны сустракаюцца і маюць зносіны з іншымі дзецьмі, з такімі, як яны, і з аднагодкамі, якія чуюць. І гэта вельмі важна. Так нашы дзеці становяцца больш упэўненымі ў сабе, спакойна адчуваюць сябе ў грамадстве, – падкрэсліла Юлія Мірошнікава. – Сёння з намі прыехалі самыя актыўныя. Яны ўдзельнічаюць у піянерскай і грамадскай дзейнасці, актыўныя ў школе, удзельнікі творчых конкурсаў, спаборніцтваў. Дзеці вельмі чакаюць гэтага свята і імкнуцца да гэтага часу заваяваць як мага больш узнагарод, атрымаць самыя высокія ацэнкі – гэта своеасаблівы стымул для развіцця».

У Палацы культуры вобласці дзеці сталі ўдзельнікамі навагодняга прадстаўлення і атрымалі віншаванні з Новым годам ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца. Акрамя таго, кожнае дзіця атрымала не толькі зарад станоўчых эмоцый, але і салодкі падарунак. «Мне вельмі прыемна знаходзіцца на такіх мерапрыемствах з удзелам дзяцей, бачыць іх радасныя твары і шчаслівыя ўсмешкі. Я б хацеў, каб дзеці раслі здаровымі, жыццярадаснымі, каб выраслі годнымі грамадзянамі грамадства. Мне хацелася б, каб кожныя бацькі радаваліся і ганарыліся поспехамі сваіх дзяцей. Наша дзяржава шануе дзяцей і моладзь. І мы, дарослыя, стараемся зрабіць усё, каб дзеці выраслі сапраўднымі людзьмі. Людзьмі, якія будуць паважаць і любіць адзін аднаго, падтрымліваць і суперажываць», – павіншаваў удзельнікаў Леанід Заяц.

БЕЛТА, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая