RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каля Br8,5 млн выдзелена на падрыхтоўку школ Магілёўскай вобласці да новага навучальнага года

У Магілёўскай вобласці на бягучы і капітальны рамонт устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з бюджэту выдзелена Br8,5 млн, крыху больш за 1 мільён рублёў накіравана на рамонт ад даходаў, атрыманых ад пазабюджэтнай дзейнасці. Пра гэта паведаміла кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская.

Таксама частка сродкаў на абнаўленне школ прадастаўляецца ў выглядзе пазык. Напрыкладу, за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця будуць абноўлены школы ў Аўсянцы Горацкага раёна, Лапацічах Слаўгарадскага раёна, СШ № 2 Слаўгарада, СШ № 1 Клімавічаў. Яны будуць гатовыя да 1 верасня. Усяго ў вобласці такім спосабам будуць абноўлены да 2025 года 33 установы адукацыі.

– У многіх школах ідзе бягучы рамонт –дахаў, фасадаў, харчблокаў. У школе № 2 Мсціслава, да прыкладу, папраўляюць дах, у СШ № 2 Глуска –фасад і асфальтавае пакрыццё. Капітальны рамонт ідзе ў школе № 20 Бабруйска, у Тугаліцкай СШ Бабруйскага раёна і гімназіі Асіповічаў – спартзалы. Да 1 верасня ва ўсіх установах адукацыі будуць устаноўлены трывожныя кнопкі, сістэмы відэаназірання. Папоўніцца і аўтапарк 11 раёнаў: па праграме ЧАЭС закуплена 5 аўтобусаў, за кошт сродкаў бюджэту –яшчэ 9 машын, – адзначыла Ганна Уладзіміраўна.

Камісіі па вызначэнні стану спраў і неабходных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года пачынаюць працаваць ужо ў маі.

– У іх склад уваходзяць прадстаўнікі розных дзяржаўных органаў. Да 1 чэрвеня камісіі аб’язджаюць усе навучальныя ўстановы і складаюць акты бягучага стану. На аснове гэтых дакументаў і распрацоўваюцца планы рамонтных работ. Калі ў дзяцей няма заняткаў, школы абнаўляюцца, каб да 20 жніўня паспець паўстаць у новым абліччы. Менавіта да гэтага перыяду трэба паспець атрымаць сертыфікат гатоўнасці, – заключыла кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі.

ДАВЕДКА

У Магілёўскай вобласці 335 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая