RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каманда БДСГА стала пераможцай абласнога конкурсу па асновах бяспекі жыццядзейнасці «Студэнты. Бяспека. Будучыня»

Каманда БДСГА стала пераможцай абласнога конкурсу па асновах бяспекі жыццядзейнасці «Студэнты. Бяспека. Будучыня». Пра гэта паведаміла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Са слоў суразмоўніцы, з пачатку спаборніцтваў студэнты Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі захапілі пальму першынства і не выпусцілі яе да канца спаборніцтваў. Маладыя людзі сталі найлепшымі ў конкурсах «Шлягер бяспекі» і «Знаўцы АБЖ». Акрамя таго, яны на выдатна справіліся з пераадоленнем паласы перашкод і навясной пераправы, ліквідацыяй дарожна-транспартнага здарэння і іншых надзвычайных сітуацый, з аказаннем дапамогі пацярпелым.

«У цэлым інтрыгі ў вызначэнні пераможцы конкурсу не было, як і роўных узроўню падрыхтоўкі і майстэрства каманды БДСГА, – адзначыла Вольга Нехарошых. – Дарэчы, лідарства студэнты акадэміі ўтрымліваюць ужо шосты год, да таго ж яны чатырохразовыя пераможцы аналагічнага рэспубліканскага конкурсу. Верым, што і ў 2019 годзе гэтая тэндэнцыя захаваецца».

Другое месца ў спаборніцтве занялі прадстаўнікі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Акрамя таго, на думку журы, іх відэа- і аўдыяролікі сталі найлепшымі. Трэцюю пазіцыю заваявалі студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

Абласны конкурс па асновах бяспекі жыццядзейнасці «Студэнты. Бяспека. Будучыня» завяршыўся ў Магілёве. За перамогу змагаліся студэнты з чатырох ВНУ: Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі. Конкурсная праграма ўключала сем этапаў: «Шлягер бяспекі», «Найлепшы відэаролік», «Найлепшы аўдыяролік», «Знаўцы АБЖ», «Аказанне першай дапамогі», «Выратавальная эстафета», «НС тэхнагеннага характару».

Фота - Цэнтр бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая