RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кардыяцэнтр адкрыюць у Магілёўскай абласной бальніцы ў лістападзе

Кардыяхірургічны і кардыятэрапеўтычны карпусы Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы плануюць здаць у лістападзе гэтага года. Пра гэта паведаміў галоўны ўрач установы аховы здароўя Анатоль Кулік.

«Два новыя будынкі, злучаныя паміж сабой, аб’яднаюць у сабе ўсе кардыялагічныя службы, якія на дадзены момант раскіданы практычна па ўсім горадзе. Мы аб’яднаем кардыяхірургічнае і кардыятэрапеўтычнае аддзяленні. Тут жа будзе працаваць кансультацыйны блок для пацыентаў, сучасныя палаты, аперацыйныя і рэанімацыя. Гэта дазволіць стварыць на базе абласной клінічнай бальніцы кардыяцэнтр, якога так не хапала ў рэгіёне», – адзначыў Анатоль Кулік.

«Цяпер ідуць працы па ўзвядзенні будынка. Адна з яго частак–чатырохпавярховая. Тут будзе размяшчацца кардыяхірургічны корпус. На дадзены момант ужо ідуць працы па аздабленні гэтай часткі пабудовы, паралельна закупляецца сучаснае медыцынскае абсталяванне. У другім блоку, дзе размесціцца кардыятэрапеўтычны корпус, таксама ідуць актыўныя будаўнічыя працы–усё праходзіць у адпаведнасці з графікам. Здача аб’екта запланавана на лістапад бягучага года», – падкрэсліў галоўны ўрач.

Неабходнасць у такім цэнтры ў рэгіёне наспела даўно. На год у аперацыйных Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы праводзіцца больш за 17 тыс.аперацый. Амаль 60% ад усіх захворванняў у вобласці–гэта паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы. «З’яўленне новых плошчаў дазволіць падняць на новы ўзровень аказанне дапамогі пацыентам з паталогіямі сардэчна-сасудзістай сістэмы. Зараз ліст чакання аперацый на адкрытым сэрцы складае 18 месяцаў–гэта ўсё пазапланавыя аператыўныя ўмяшальніцтвы. З пачаткам працы новых аддзяленняў яго можна будзе скараціць да некалькіх месяцаў. З’яўленне новага абсталявання дазволіць нам на месцы аказваць якасную і своечасовую медыцынскую дапамогу для жыхароў усяго рэгіёна – зараз супрацоўнікі нашай бальніцы праходзяць неабходнае навучанне», – адзначыў Анатоль Кулік.

На будынак будзе выдаткавана каля Br30 млн з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, спонсарскай дапамогі. Яшчэ Br17 млн – на закупку абсталявання.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая