На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці разгледжана эфектыўнасць працы лясгасаў рэгіёна. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні камітэта Юрый Фралоў.

Адзначана, што Магілёўскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднаннем і лясгасамі, якія ўваходзяць у яго, прымаліся меры па рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржпраграмы «Беларускі лес» на 2016-2020 гады, нарошчванні асноўных вытворча-эканамічных паказчыкаў нарыхтоўкі і рэалізацыі драўніны.

Лясгасамі вобласці ўжо выкананы асноўныя заданні на гэты год па лесааднаўленні. Большасцю з іх забяспечаны істотны рост паказчыкаў аб’ёмаў і эфектыўнасці вытворчасці лесапрадукцыі. У той жа час у асобных лясгасах, напрыклад, у правераным камітэтам Чавускім, дапушчана істотнае, да некалькіх разоў, адставанне ад вынікаў лясгасаў-лідараў па аб’ёме выручкі і прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі.

Лясгасамі рэгіёна прымаюцца меры па замяшчэнні бюджэтных сродкаў на фінансаванне лясной гаспадаркі пазабюджэтнымі паступленнямі. У выніку доля бюджэтнага фінансавання ў агульным аб’ёме выдаткаў на вядзенне лясной гаспадаркі за бягучы год знізілася з 31% да 25%.

Аднак далёка не ўсе рэзервы для зніжэння долі бюджэтных выдаткаў на фінансаванне лясной гаспадаркі вычарпаны. Для самаакупнай працы лясгасаў патрабуецца больш актыўнае нарошчванне паступленняў ад рэалізацыі драўніны ў нарыхтаваным выглядзе і пасадачнага лесаматэрыялу.

Пры прыкладна роўных магчымасцях наяўных у лясгасах гадавальнікаў аб’ёмы продажу іх прадукцыі ў бягучым годзе ў Магілёўскім, Клічаўскім, Касцюковіцкім лясгасах аказаліся да 15-20 разоў ніжэйшымі за аналагічны паказчык у Быхаўскім лясгасе. Пры гэтым многімі лясгасамі аб’ёмы продажу насення істотна зніжаны.

У лясгасах не забяспечваецца належны кантроль за рацыянальным выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў, дапускаюцца парушэнні заканадаўства аб закупках.

Падобныя хібы ў Чавускім лясгасе пацягнулі неабгрунтаванае аднясенне ў склад выдаткаў па вядзенні лясной гаспадаркі, якія фінансуюцца за кошт бюджэтных сродкаў, затрат па гасразліковай дзейнасці лясгаса ў агульнай суме Br57 тыс.

У лясгасах вобласці не зжыты фармалізм пры аглядзе месцаў высечак, няякасны адвод лесасек у рубку, безгаспадарчае стаўленне да нарыхтаванай драўніны.

Калегіяй унесены прапановы зацікаўленым па ліквідацыі наяўных праблемных пытанняў, у тым ліку па ўдасканаленні заканадаўства, іх рэалізацыя ўзятая на кантроль.