RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кіраўнікі на месцах павінны ўдзельнічаць у перазагрузцы эканамічнай палітыкі рэгіёна – Уладзімір Даманеўскі

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі сёння падчас разгляду вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці ў 2018 годзе засяродзіў увагу на неабходнасці перазагрузкі эканамічнай палітыкі рэгіёна.

У вобласці па выніках працы у 2018 годзе выкананы два з шасці ключавых паказчыкаў – заданні па прывабліванні прамых замежных інвестыцый і павышэнні колькасці працаўладкаваных грамадзян на зноў створаных вытворчасцях. Не дасягнута заданне па ВРП. Тэмп росту склаў 101,6% пры заданні 103,6%. Скарацілася вытворчасць сельгаспрадукцыі.

Разам з тым у рэгіёне ў апошнія два гады актывізавалася інвестыцыйная дзейнасць, расце ўклад у эканоміку ад малога і сярэдняга бізнесу, паступальна развіваецца сацыяльная інфраструктура. Але, на думку Уладзіміра Даманеўскага, гэтых тэмпаў недастаткова для дынамічнага развіцця рэгіёна. Вобласць па-ранейшаму застаецца ў ліку аўтсайдараў у выкананні асноўных прагнозных паказчыкаў працы сярод іншых рэгіёнаў. «Каб змяніць сітуацыю, нам трэба больш увагі надаць рабоце рэальнага сектара эканомікі, павышэнню яго эфектыўнасці, прывабліванню ў рэгіён замежных інвестыцый, – адзначыў Уладзімір Даманеўскі. – Мы павінны правабіць і яшчэ больш актывізаваць працу па дыверсіфікацыі рынкаў збыту, пошуку новых, а таксама нарошчванні выпуску ў рэгіёне канкурэнтаздольнай экспартна арыентаванай прадукцыі».

Паводле слоў Уладзіміра Даманеўскага, лакаматывамі ў гэтай працы павінны стаць такія буйныя прамысловыя цэнтры, як Магілёў і Бабруйск, але і кіраўнікі іншых раёнаў і гарадоў павінны карэнным чынам перабудаваць сваю працу. «Новыя ўмовы гаспадарання ад мясцовых органаў улады патрабуюць больш спадзявацца на ўласныя сілы і не разлічваць на дзяржпадтрымку, – звярнуў увагу губернатар. – Апорай для кіраўнікоў павінна стаць мясцовая прамысловасць, прыватны і сярэдні бізнес, развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці. Пры гэтым асаблівую ўвагу трэба надаць развіццю сферы паслуг, перш за ўсё ў ахове здароўя і турызме».

Архіважнай задачай у бягучым годзе, падкрэсліў кіраўнік рэгіёна, павінна стаць аздараўленне фінансавай працы АПК вобласці. Ад гэтай галіны чакаецца сур’ёзны прырост вытворчасці сельгаспрадукцыі і павышэнне эканамічнай эфектыўнасці. Гэтага плануецца дасягнуць у ліку іншага за кошт строгага захавання эканамічнай і працоўнай дысцыпліны, павелічэння загрузкі харчовай прамысловасці, росту прадукцыйнасці працы. Губернатар запатрабаваў перагледзець бізнес-планы развіцця АПК у кожным раёне з улікам новых падыходаў і, у першую чаргу, пачаць з праблемных.

Паводле слоў Уладзіміра Даманеўскага, ацэнкай работы для шэрагу кіраўнікоў стане падвядзенне вынікаў у першым квартале бягучага года па выкананні асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця. «На змену старым кадрам, калі яны не здольныя працаваць у новых умовах і рэагаваць на запатрабаванні часу і эканамічнай сітуацыі, павінны прыйсці кіраўнікі, якія бачаць перспектыву і гатовыя сістэмна працаваць па развіцці канкрэтнага прадпрыемства альбо тэрыторыі», – дадаў губернатар.

Тэкст - БЕЛТА

Фота - уласныя

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая