RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Клімавіцкі раён прыняў эстафету рэспубліканскай акцыі «Жанчына на жніве»

Клімавіцкі раён прыняў эстафету рэспубліканскай акцыі «Жанчына на жніве». Працаўніц сяла ўшаноўваў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун. Арганізатары акцыі –Мінсельгасхарч, Беларускі прафсаюз работнікаў АПК, Беларускі саюз жанчын, Белкаапсаюз, Беларускае радыё–падрыхтавалі для ўдзельніц акцыі падарункі і падзячныя лісты.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў раённым Цэнтры культуры 12 работніц клімавіцкіх сельгаспрадпрыемстваў – аграномы, загадчыкі збожжатакоў, паляводы, повары –прымалі віншаванні і падзяку за сваю працу.

Ганаровай граматай Мінсельгасхарча ўзнагароджана аграном ААТ «Племзавод «Ціманава» Алена Ганчарова. Падзяка міністра аб’яўлена брыгадзіру вытворчай брыгады ў раслінаводстве КСУП «Міхалінскі» Таццяне Гапеевай і загадчыцы зернятока ААТ «Раднянскі» Таццяне Баркоўскай. У гэты дзень таксама ўшаноўвалі і загадчыцу сталовай КСУП «Прыгранічны-Агра» Алену Тужыкаву, галоўнага агранома ААТ «Раднянскі» Марыю Каплун, галоўнага агранома КСУП «Прыгранічны-Агра» Раісу Папкову, дырэктара ААТ «Макеевічы» Марыю Глушакову, загадчыцу склада ААТ «Раднянскі»Наталлю Зуйкову, загадчыцу зернятока КСУП «Прыгранічны-Агра» Святлану Саковіч. Падарункі і віншаванні прымалі повар ААТ «Племянны завод «Ціманава» Святлана Шчэрбава, майстар участка КСУП «Міхалінскі» Маргарыта Гурбовіч, майстар-повар райспажыўтаварыства Наталля Прошкіна.

Уладзімір Гракун акцэнтаваў: нашы аграрыі гарантуюць харчовую бяспеку, таму так важна адзначыць іх за добрасумленную працу.

Перад гасцямі выступіў народны ансамбль народнай песні «Беразуха». Адна з удзельніц – аграном ААТ «Племзавод «Ціманава» Алена Ганчарова прызналася, што акцыя ў Клімавічах стала прыемным кароткім перапынкам на адпачынак, бо наперадзе ў аграрыяў вялікі фронт работ:

– У нас яшчэ больш за 260 гектараў кукурузы трэба будзе прыбраць і паўсотні гектараў грэчкі. На пасадзе агранома я ўсяго пяць месяцаў, а вось паляводам у роднай гаспадарцы адпрацавала чвэрць стагоддзя. Што тычыцца гэтага ўраджаю збожжавых, то разлічвалі на больш высокі вал, але засуха трохі падкарэктавала планы. На жніве ўклад жанчын, я лічу, не меншы, чым мужчын. Мы не толькі спраўляемся з прафесійнымі абавязкамі, але і забяспечваем хатнюю ўтульнасць,а гэта таксама дарагога варта. Вядома, прыемна, што нашу працу заўважаюць і цэняць.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая