RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Клопат пра будучыню: кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама далучылася да акцыі «Аднавім лясы разам!»

Кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, прадстаўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама і дэпутацкі корпус далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Аднавім лясы разам!».

Як распавёў дырэктар ДЛГУ «Магілёўскі лясгас» Віталь Квецень, высадка саджанцаў праводзілася на плошчы 1,2 га ў Вільчыцкім лясніцтве. Удзельнікі акцыі высаджвалі саджанцы елкі і хвоі. «Усе высадкі - з закрытай каранёвай сістэмай. У нас ёсць свой насенняводчы цэнтр, гадавальнік па вырошчванні саджанцаў з закрытай каранёвай сістэмай», - распавёў ён.

Узначаліў працоўны дэсант старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. «Мы закладваем для будучых паколяў наш лес, прыроду і экалогію. Мы абавязкова павінны гэта рабіць, - адзначыў ён. - Самае галоўнае, што гэта не аднаразовая акцыя. Чарговы раз праводзім, выходзім дружна. Мінулы раз працавалі ў Бялыніцкім раёне, у гэты - у Магілёўскім.

Па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама, дажджлівае надвор'е сёння не перашкода, а падарунак. Бо гэта значыць, што саджанцы прыжывуцца на новым месцы. «Дождж важны і для тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, зараз у нас ідзе пасяўная. Таму надвор'е самае спрыяльнае для такіх спраў», - адзначыў ён.

Удзельнічаў у акцыі і старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін. Нягледзячы на дождж, усё працавалі з азартам і натхненнем. «Ніякае надвор'е не можа перашкодзіць пакінуць свой след на гэтай зямлі. Сённяшняя акцыя па высадцы саджанцаў - наш уклад у будучыню, тое, што застанецца дзецям, унукам і праўнукам. Мы думаем аб тым, што ім таксама жыць на гэтай зямлі, і тут павінна быць камфортна, - падкрэсліў ён. - Усё, што робіцца на нашай зямлі, робіцца для нашых людзей».

У час акцыі ў Магілёўскім раёне ўдзельнікі заклалі памятныя культуры. Каб гэтая падзея засталася ў гісторыі раёна і лясгаса, устанавілі спецыяльны камень, надпіс на якім абвяшчае, што яны былі закладзены кіраўніцтвам Магілёўскага аблвыканкама ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

БЕЛТА, фота mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая