RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Клубніцы ў Магілёўскай вобласці нарыхтавана ўдвая больш

У Магілёўскай вобласці гэтым летам нарыхтавана 316 т клубніц, што больш чым у два разы перавысіла леташнія аб’ёмы. Пра гэта расказаў начальнік аддзела нарыхтовак, знешнеэканамічнай дзейнасці і рынкаў Магілёўскага аблспажыўсаюза Аляксей Сіроцін.

«Нарыхтоўка садовых суніц, або клубніц, ці трускаўкі, як іх называюць у побыце, пачалася з сярэдзіны чэрвеня, – сказаў Аляксей Сіроцін. – Нягледзячы на тое што тэрміны збору ягады праз халодны май зрушыліся, нам удалося атрымаць выдатны ўраджай. Амаль палову нарыхтаваных клубніц (140 т) мы адправілі на экспарт у Расію».

З пачатку ліпеня кааператары вобласці пачалі закупляць чарніцы ў насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання. Асноўнымі пастаўшчыкамі лясной ягады традыцыйна сталі Глускі, Асіповіцкі, Кіраўскі і Бабруйскі раёны. На сённяшні дзень аб’ём нарыхтовак–150 т, з якіх ужо экспартавана 100 т. Негатыўную ролю ў зборы ягады сыгралі складаныя ўмовы надвор’я і забарона на наведванне лясоў у сувязі з пажаранебяспечным становішчам.

Праз спякоту ягада пераважна была дробная, а асноўную сілу стала набіраць толькі цяпер, з усталяваннем камфортнага тэмпературнага рэжыму, – растлумачыў начальнік аддзела нарыхтовак. – У першую чаргу гэта паўплывала на закупачныя кошты. Калі яшчэ два тыдні таму мы закуплялі ягаду па леташнім кошце – Br4–4,5 за 1 кг, то сёння кошт стаў гранічна магчымым і ўзрос да Br8. Зараз працягваецца нарыхтоўка чарніц – людзі актыўна здаюць лішкі сабранага».

Магілёўскі аблспажыўсаюз таксама прыступіў да збору чорнай і чырвонай парэчкі–нарыхтавана 40 т і 20 т адпаведна. Зараз закупачныя цэны на ягаду ўстаноўлены ў памеры Br1 за 1 кг. Працягваецца нарыхтоўка пладова-агародніннай прадукцыі: з пачатку года кааператары вобласці ўжо закупілі 660 т агуркоў, 550 т таматаў і 780 т капусты. Па прагнозах, гэтай восенню цэны на гародніну і садавіну вырастуць у параўнанні з узроўнем мінулага года, на што таксама паўплывала засуха ў першай дэкадзе ліпеня.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая