RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кніга пра Смаленскую бітву і абарону Магілёва ў гады Вялікай Айчыннай вайны выйшла ў «Беларускай энцыклапедыі»

Кніга «Белорусы на смоленских рубежах летом 1941 года»з серыі «Гісторыя для школьнікаў»выйшла ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

Яна расказвае пра Смаленскую бітву савецкіх войскаў з войскамі гітлераўскай Германіі ў пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны. «Гэта бітва доўжылася два месяцы (63 дні) – з 10 ліпеня па 10 верасня 1941 года. Шырыня фронту баявых дзеянняў складала 600–650 км. Пачаўшыся на Дняпры і Заходняй Дзвіне, бітва папярэднічала гістарычнай бітве за сталіцу Савецкага Саюза горад Маскву. Зона ваеннага проціборства падчас Смаленскай бітвы ўключала ў сябе і шырокія тэрыторыі Беларусі. Складовай яе часткай была абарона Магілёва 3–27 ліпеня 1941 года. Гэта легендарная старонка ваеннай гісторыі. План абароны горада быў распрацаваны штабам 61-га стралковага корпуса (камандзір – генерал-маёр Фёдар Бакунін). Непасрэдна абарона горада была ўскладзена на 172-ю стралковую дывізію генерал-маёра Міхаіла Раманава. Начальнікам абароны Магілёўскага раёна быў прызначаны генерал-маёр Фёдар Бакунін», – расказалі ў выдавецтве.

Разам з часткамі Чырвонай Арміі ў абароне Магілёва ўдзельнічала 12 тысяч апалчэнцаў, аб’яднаных у 14 батальёнаў. У баях пад Магілёвам гітлераўцы страцілі 24 самалёты, каля 200 танкаў, 400 матацыклаў, 500 аўтамашын. Было знішчана 15 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка і ўзята ў палон каля 2 тыс. Гэтыя сілы захопнікаў, якія імкнуліся да Масквы, не дайшлі да яе, а скончылі свой шлях на подступах да Магілёва. Абарона горада дала выйгрыш ў часе для мабілізацыі сіл на адпор ворагу. Утрымліваючы горад, яго абаронцы парушылі сістэму забеспячэння гітлераўскіх войскаў, адцягнулі на сябе значныя сілы праціўніка і нанеслі яму адчувальныя страты. На Буйніцкім полі ля Магілёва ў гонар абаронцаў горада ўзведзены мемарыяльны комплекс з музеем і капліцай, устаноўлены памятныя дошкі з сотнямі прозвішчаў воінаў і народных апалчэнцаў, загінулых пры абароне горада. Іх імёны ўвекавечаны ў назвах гарадскіх вуліц.

«Памяць пра абаронцаў Радзімы для нас святая. Часткай Смаленскай бітвы 1941 года быў таксама контрудар 21-й арміі ў сярэдзіне ліпеня 1941 года ў раёне гарадоў Рагачоў і Жлобін. Заспеўшы германскае камандаванне знянацку, 21-й арміі ўдалося на цэлы месяц вызваліць і ўтрымліваць у сваіх руках два гэтыя беларускія гарады. І гэта амаль на 2 месяцы раней, чым быў вызвалены горад Ельня ў Смаленскай вобласці (у перыяд з 30 жніўня па 8 верасня 1941 года), які ў літаратуры часам называюць першым савецкім горадам, вызваленым Чырвонай Арміяй падчас Вялікай Айчыннай вайны. Але першая буйная перамога Чырвонай Арміі ў Вялікай Айчыннай вайне была пад Рагачовам і Жлобінам. Вораг быў надоўга спынены ў міжрэччы Дняпра і Бярэзіны», –тлумачыць «Беларуская энцыклапедыя».

Унікальным фактам у гісторыі Смаленскай бітвы з’яўляецца ўдзел у ім батарэі механізаваных рэактыўных установак, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Кацюша». «Камандзірам батарэі быў прызначаны вопытны капітан Іван Флёраў, удзельнік савецка-фінляндскай вайны. У батарэі было 7 пускавых установак рэактыўных снарадаў М-13 на базе грузавікоў ЗІС-6, 44 грузавыя машыны для перавозкі боепрыпасаў, асабовага складу, гаруча-змазачных матэрыялаў. У ноч з 12 на 13 ліпеня 1941 года па трывозе батарэя накіравалася да Оршы. 14 ліпеня 1941 года ў 15.15 упершыню ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў зроблены залпавы ўдар батарэі «Кацюш». У той жа дзень батарэя нанесла другі ўдар па праціўніку, які захапіў плацдарм на рацэ Аршыца», – дадалі ў выдавецтве.

Кніга таксама расказваепра подзвігі ў ходзе Смаленскай бітвы беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, прадстаўнікоў іншых брацкіх народаў – генералаў і ваеначальнікаў, воінаў-чырвонаармейцаў, прадстаўнікоў розных родаў войскаў, якія асабліва вызначыліся ў баях і ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая