RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Крычаўцэментнашыфер» са студзеня 2022 года абновіць асартымент прадукцыі на 70%

ААТ «Крычаўцэментнашыфер» са студзеня 2022 года на 70% абновіць асартымент выпускаемай прадукцыі. Пра гэта расказаў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па эканоміцы Аляксандр Міцін.

«Са студзеня наступнага года наша прадпрыемства на 70% абновіць лінейку выпускаемай прадукцыі, – адзначыў Аляксандр Міцін. – Гэта звязана з пераходам на новы стандарт па выпуску цэменту. Напрыклад, у асартыменце з’явіцца бездабавачны цэмент маркі «ЦЕМ 0». Гэта будзе самы высокамарачны прадукт. Па сутнасці, тэхнічныя характарыстыкі цэменту застануцца тымі ж, але называцца ён будзе па-новаму. Раней выпускаемыя цэменты марак «ЦЕМ I» і «ЦЕМ II» захаваюць свае характарыстыкі, і патрабаванні да іх згодна з новым ДАСТам не зменяцца. А цэменты марак «ПЦ-500 Д0» і «ПЦ Д20» выпускацца пад гэтымі маркіроўкамі больш не будуць.

 

Зараз на прадпрыемстве актыўна вядуцца мерапрыемствы па пераходзе на новы асартымент: з навінамі неабходна азнаёміць спажыўцоў, унесці змены ў тэхнічны рэгламент, правесці выпрабаванні і прайсці сертыфікацыю. «На выпрабаванні ў нас знаходзіцца 6 новых марак цэменту, – удакладніў намеснік гендырэктара. – Гэта значыць, што на вытворчасці выпускаецца па 100 т прадукту, які замольваецца ў асобны сілас і вытрымліваецца 28 сутак – поўны тэрмін набору марачнай трываласці. Затым атрыманыя ўзоры адпраўляюцца на сертыфікацыю».

Для вытворчасці новых відаў прадукцыі не спатрэбіцца кардынальнай змены тэхналагічнага працэсу, неабходны толькі строгі кантроль тэхнічных параметраў і адбору пробаў. Дарэчы, сёння на прадпрыемстве прадукцыя выпускаецца па двух ДАСТах: савецкім, 1985 года, і айчынным, 2016-га. Яны адрозніваюцца рознымі падыходамі да вызначэння характарыстык па трываласці, схоплівання і тонкасці памолу. Акрамя таго, па кожным са стандартаў прадугледжаны свае выпрабаванні. Абодва ДАСТы запатрабаваныя сярод пакупнікоў, таму для кожнага з іх ёсць свой спіс пастаянных пакупнікоў. «На прадпрыемстве вельмі гнуткая сістэма працы са спажыўцамі, і мы заўсёды ідзём ім насустрач», – падкрэсліў Аляксандр Міцін.

ААТ «Крычаўцэментнашыфер» уваходзіць у холдынг «Беларуская цэментная кампанія» і з’яўляецца адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў у краіне па вытворчасці будматэрыялаў. Гадавыя магутнасці «Крычаўцэментнашыфера» – 1,572 млн т цэменту, вытворчасць загружана на 100%. За 11 месяцаў ужо выпушчана больш за 1,5 млн т. Уся прадукцыя акцыянернага таварыства сертыфікавана па беларускай нацыянальнай сістэме сертыфікацыі, а таксама ў Расіі, Украіне і краінах Еўрасаюза. З 2013 года завод вырабляе цэмент па сухім спосабе. На новай лініі ўстаноўлена высокатэхналагічнае абсталяванне, якое дазваляе атрымліваць прадукцыю высокай якасці, якая адгружаецца россыпам чыгуначным і аўтамабільным транспартам.

У акцыянернае таварыства ўваходзіць 6 філіялаў у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Ва ўдзельнай вазе экспарту іх прадукцыя, а менавіта жалезабетонныя вырабы, займае звыш 21%, або $8,1 млн у грашовым эквіваленце. Усяго за студзень-лістапад 2021 года прадпрыемства экспартавала амаль 40% выпускаемай прадукцыі на $ 38,2 млн. Тэмп росту экспартных паставак у грашовым выражэнні склаў больш за 112%. Беларускую прадукцыю актыўна купляюць Латвія, Літва, Польшча і Расія. На долю апошніх дзвюх краін прыпадае больш за 95% усіх паставак. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца цэмент, дарожныя і аэрадромныя пліты, стойкі лініі электраперадачы. У ліку спажыўцоў – будаўнічыя, рамонтна-будаўнічыя і гандлёвыя арганізацыі, домабудаўнічыя камбінаты, заводы жалезабетонных вырабаў і сілікатных матэрыялаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая