5 музеяў – адна цікавая ноч

15 мая Магілёўскі абласны краязнаўчы музей ім. А.Р. Раманава і яго філіялы – Музей этнаграфіі, Музей Славы Магілёўшчыны, Мастацкія музеі імя П.У. Масленікава і В.К. Бялыніцкага–Бірулі ў Бялынічах далучацца да штогадовай Міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». Пра гэта расказалі ва ўстанове культуры.

«Ноч музеяў» – адна з самых чаканых маштабных і культурных падзей як у Магілёўскім рэгіёне, так і ва ўсёй Беларусі. Гэта свята, якое сцірае межы паміж мінулым і сучаснасцю, ператвараючы гісторыю і культуру ў жывы дыялог. – адзначылі суразмоўцы. – Праграма вечара музейных устаноў будзе насычаная рознымі падзейнымі мерапрыемствамі для ўсіх жадаючых даведацца пра гісторыю роднага краю, а таксама атрымаць асалоду ад мастацтва і творчасці.

Так, у абласным краязнаўчым музеі асноўнай тэмай акцыі стане «Таямніца Еўдакіма Раманава», дзе наведвальнікаў будуць чакаць інтэрактыўныя зоны, музейны дэтэктыў, майстар–класы ад вядучых майстроў сцэны Магілёўскага абласнога тэатра лялек, тэатральныя перфомансы і канцэртныя праграмы, інтэрактыўная праграма ў рамках часовай экспазіцыі. Усіх наведвальнікаў чакае вялікі музейны квэст, прайшоўшы які кожны атрымае памятны падарунак ад музея.

Музей этнаграфіі пагрузіць у каларыт мінулага. Будуць прадстаўлены аўтарскія «лямпавыя» экскурсіі (пры ліхтарыках), майстар–класы майстроў народнай творчасці, тэатралізаваныя абрады, фотавыстава безлінзавай фатаграфіі. У зале «Магілёў губернскі» наведвальнікі змогуць апынуцца на балі.

Мастацкі музей імя П.У. Масленікава прадставіць праграму «Культурная бессань», у рамках якой ажывуць вобразы вядомых карцін, пройдзе прэзентацыя праекта «Героі вуліц» (старылінг аб вуліцах Магілёва) і дэманстрацыя унікальных выставак ад вядомых прадпрыемстваў Магілёва, прагучаць сусветныя класічныя кампазіцыі ад творчых музычных калектываў. Для аматараў сучасных тэхналогій будзе працаваць выстава «Музей робатаў і інавацый».

Ноч у Музеі Славы Магілёўшчыны – гэта ажыўшыя экспазіцыі, квізы, інсцэніроўкі і актыўнасці з акцёрамі. У цэнтры сюжэту – наведвальнік, прыемныя падарункі і бонусы, танцавальны сад 30–х гадоў ХХ стагоддзя, кіназала і многае іншае, што нельга прапусціць.

Усе мерапрыемствы будуць праходзіць з 18.00 да 23.00.

Поўная праграма міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі ім. Е.Р.Раманава