Чым будзе здзіўляць «Рыцарскі фэст. Мсціслаў» сёлета, распавялі арганізатары
«Рыцарскі фэст. Мсціслаў» пройдзе ў Мсціславе 1 жніўня. Чым будзе здзіўляць фестываль сёлета, расказала начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп.
Гандлёвыя рады з рамеснікамі і майстры з розных куткоў Беларусі, актыўнасці на любы ўзрост, аглядныя экскурсіі, квэсты, рыцарскія баі – фестываль будзе яркім і цікавым. Таксама тыя, хто захоча асвоіць майстэрства сярэднявечных танцаў, змогуць паспрабаваць свае сілы на тэматычных майстар–класах.

«Адкрыццё фестывалю адбудзецца ў 10.00. І пачнецца свята з шэсця. Сёлета яго тэматыка будзе прысвечана сярэднявечнаму вулічнаму мастацтву. Гэта будуць хадулісты, жанглёры, фокуснікі, танцоры, артысты, музыкі, – пералічыла Наталля Біскуп. – А традыцыйнае перасяканне турнірнага каната стане сімвалічным момантам, які адкрывае браму ў свет захапляльных спаборніцтваў».
Галоўным пунктам фестывалю стане Замкавая гара. «Тут разгорнуцца тэматычныя шатры, музычныя пляцоўкі, майстэрні рамеснікаў. Можна будзе паўдзельнічаць у інтэрактывах, набыць розныя вырабы ручной працы, пачаставацца рознымі напоямі і стравамі, – расказала начальнік аддзела. – Самая відовішчная і яркая падзея фестывалю – маштабныя бугурты, рыцарскія турніры, штурм і захоп замка, тэатралізаваны паказ ад конна–гістарычнага клуба «Залатая шпора», выступленне ўдзельнікаў клуба «Шатландская пяхота». Дададуць настроі выступленне фальклорных музычных калектываў».
Увечары гасцей чакаюць яркія канцэрты, захапляльныя выступленні фаершчыкаў, неонавае шоу.
«Наш фестываль – сапраўдная візітная картка Мсціслаўля, нашай вобласці. Яго ведаюць, любяць і чакаюць беларусы з розных куткоў краіны, да нас едуць расіяне. І кожны год гасцей становіцца ўсё больш і больш, – падзялілася Наталля Біскуп. – У «Рыцарскага фэсту» асаблівая атмасфера, якая не проста транслюецца ва ўборах удзельнікаў і тэматычных актыўнасцях. На адзін дзень Мсціслаў апускаецца ў мінулае, даючы магчымасць кожнаму дакрануцца да нашай агульнай гісторыі, лепей пазнаць родны край і адкрыць штосьці новае для сябе».
Переводчик