Беларускае лета немагчыма ўявіць без рэспубліканскага фестывалю «Александрыя збірае сяброў», які пройдзе 11 ліпеня. Сёлета маштабны фэст на беразе Дняпра ў Шклоўскім раёне зноў аб'яднае дзясяткі тысяч гасцей і звяжа разам старажытныя славянскія традыцыі, аўтэнтычнае рамяство і сучасную культуру. Каб госці не згубіліся, мы склалі для іх гайд і загадзя прайшліся па святочным купальскім полі.

Каля варот – паварот

Падарожжа пачынаем ля галоўных варот. На ўваходзе злева разгорнецца выстава беларускага аўтапрама, дзе можна будзе ўбачыць флагманскія ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама прадукцыю завода «Белджы».

Справа – новая лакацыя, прысвечаная турызму, якую арганізатары прэзентуюць на «Купалле» ўпершыню. Яна стане яркім тэхналагічным акцэнтам свята.

З дапамогай сучасных VR–ачкоў і інтэрактыўных зон кожны госць зможа здзейсніць віртуальны тур па самых прыгожых і патаемных кутках Беларусі, убачыць з вышыні птушынага палёту знакамітыя замкі і запаведнікі, а таксама на месцы скласці індывідуальны экскурсійны маршрут на астатак лета. Не былі ў кіраўскіх Жылічах ці Музеі Славы Магілёўшчыны? Віртуальную экскурсію можна будзе здзейсніць, наведаўшы «Купалле».

Усе могуць майстры

Ідзем далей, у глыб поля, дзе разгорнецца грандыёзны кірмаш «Горад майстроў». Ён традыцыйна аформлены ў выглядзе вуліц, дзе кожны рэгіён Беларусі і шматлікія рэгіёны Расіі прадстаўляюць свае лепшыя рамесныя традыцыі. Дарэчы, Александрыя збіраецца пабіць геаграфічныя рэкорды: удзел у фестывалі пацвердзілі 80 майстроў амаль з 30 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Многія прыедуць на бераг Дняпра ўпершыню: унікальныя аўтэнтычныя промыслы і сакрэты рамяства прэзентуюць умельцы з Кемераўскай, Растоўскай, Курганскай абласцей, а таксама з Чувашскай Рэспублікі. Паветра на кірмашы прасякнута пахамі дрэва, свежага хлеба і сушаных траў. Што глядзець на пляцоўцы? Унікальныя вырабы з саломкі, ручны гафт, каваныя сувеніры і самабытны гліняны посуд, упрыгожванні са срэбра. Звычайна гандлёвыя рады гудуць як вулей. Майстры ахвотна дзеляцца сакрэтамі продкаў, а госці прымяраюць ільняныя вышыванкі.

Сакрэты шклоўскага агурка

Сувеніры купілі, трэба і падсілкавацца. Прайсці міма гастранамічных радоў і інтэрактыўных падворкаў у Александрыі проста немагчыма. Святочнае поле ператвараецца ў вялізны рэстаран пад адкрытым небам, дзе кожны рэгіён імкнецца здзівіць гасцей гасціннасцю і кулінарнымі шэдэўрамі. Паспрабаваць трэба абавязкова традыцыйныя беларускія дранікі з пылу з жару, шклоўскія агуркі па сакрэтных рэцэптах, запечаныя шынкі і квас. Звычайна «Магілёўскі мясакамбінат» здзіўляе мегакаўбаскамі ці самай вялікай тушонкай.

Упершыню ў гэтым сезоне пройдзе сырны фестываль, дзе буйныя вытворцы малочнай прадукцыі з розных рэгіёнаў прапануюць свае тавары. Сыры і сырныя дэлікатэсы можна будзе і прадэгуставаць, і купіць. Пад фэст арганізатары «Купаля» вылучылі асобную вялікую пляцоўку, дзе разгорнецца лаунж–зона. Наведвальнікі змогуць тамака пасядзець, адпачыць, перакусіць. На сцэне ў лакацыі сырнага фэсту запланавана выступленне творчых калектываў Мінска.

Заспяваем, сябры

Бліжэй да вечара ўсё жыццё фестывалю перамяшчаецца да дзвюх пляцовак — малой і вялікай сцэн. Там заўсёды яскрава і відовішчна праходзяць купальскія канцэрты. На малой сцэне, дзе адбудзецца цырымонія адкрыцця, разгорнецца маштабны канцэрт «Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі». Перад гледачамі выступяць папулярныя калектывы і выканаўцы Расіі і Беларусі, сярод якіх Іван Дзятлаў, Ібрагім Карасаў, Алена Курская, Пётр Ялфімаў, Ніжагародскі ансамбль народнай песні і танца «Любава», Дзяржаўны акадэмічны харэаграфічны ансамбль «Бярозка» імя Н. С. Надзеждзінай. Арганізатары мадэрнізавалі інфраструктуру канцэртнай пляцоўкі: ёмістасць партэра перад сцэнай павялічылі ў два разы – да 600 пасадачных месцаў у параўнанні з 300 месцаў у мінулым годзе.

У 21.30 на галоўнай сцэне пройдзе вялікі канцэрт з удзелам беларускіх выканаўцаў і зорак расійскай эстрады, ён завершыцца святочным феерверкам. А на супрацьлеглым беразе Дняпра будзе гарэць купальскае вогнішча, пасля чаго аматараў драйву запросяць на абноўленую начную дыскатэку «Купальскі Ярыла–дэнс», якая працягнецца да 3 гадзін ночы.

СБ