Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt кантакт — 2026» пройдзе ў Магілёве з 20 па 27 сакавіка. Продаж білетаў на спектаклі стартаваў яшчэ 29 студзеня. На некаторыя пастаноўкі іх раскупілі цягам першых трох сутак.

Па словах намесніка дырэктара Магілёўскага абласнога драмтэатра Веранікі Юргелас, у топе, як і раней, вечная класіка. Гэта пастаноўка «Яўген Анегін», анансаваная як «не энцыклапедыя пра каханне ў васьмі карцінах», якую ў Магілёў вязе Арлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя І.С. Тургенева, «Майстар і Маргарыта» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, «Пікавая дама» Смаленскага камернага тэатра, «Дама з сабачкам» Маскоўскага губернскага тэатра, «Хутар» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

Сярод чаканых спектакляў таксама «Чайка» Магілёўскага абласнога драмтэатра, харэаграфічная пастаноўка «Шынель. Гогаль» Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, драма «Прыгажуня» Санкт–Пецярбургскага тэатра юнага гледача.

– У нас ёсць театры–фаварыты, з творчасцю якіх нашы землякі даўно знаёмыя, – іх пастаноўкі ўжо не раз былі прадстаўлены на форуме «М.@rt кантакт». Журы і гледачы іх называлі найлепшымі. Сярод іх Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора», тэатр–студыя «Невялікі драматычны тэатр» Санкт–Пецярбурга, Санкт–Пецярбургскі тэатр юных гледачоў імя А.А. Бранцава, Ульянаўскі маладзёжны тэатр імя Б.У. Аляксандрава. Акцёрам з Ульянаўска летась на форуме па рашэнні моладзевага журы дасталася «Залатая маска» за пастаноўку «Дуброўскі». У гэтым годзе яны вязуць да нас спектакль «Заўтра была вайна». Спектакляў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, на «М.@rt кантакце» будзе прадстаўлена некалькі, – удакладняе Вераніка Юргелас.

Усяго на сёлетнім маладзёжным тэатральным форуме, які заўсёды праходзіць з аншлагам, магіляўчане і госці горада змогуць убачыць 17 спектакляў тэатраў з Беларусі, Расіі і Казахстана. Пяць тэатральных калектываў будуць прадстаўлены на фестывалі «М.@rt кантакт – 2026» упершыню.

Стартуе форум са «дзіўнай камедыі» «Насферату» ў пастаноўцы Мікалая Каляды, якую пакажуць 20 сакавіка на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра лялек, а завершыцца «Пікавай дамай» у пастаноўцы расейцаў. Дарэчы, «Пікавых дам» на форуме будзе дзве – акрамя Смаленскага камернага тэатра, такі ж спектакль заявіў Гродзенскі абласны тэатр лялек.

Паказы пройдуць на вялікай сцэне Магілёўскага абласнога драмтэатра, у абласным лялечным тэатры і абласной філармоніі.

Як удакладнілі ў драмтэатры, ужо прададзена 70 працэнтаў білетаў, так што аматарам Мельпамены вызначана варта паспяшацца, каб трапіць хаця б на адзін спектакль.

Міжнародны маладзёжны тэатральны форум у Магілёве ўжо даўно замацаваў за сабой статус маштабнага свята творчасці, штогод у сакавіку горад на Дняпры ператвараецца ў эпіцэнтр тэатральнага мастацтва, аб'ядноўваючы класічныя традыцыі і смелыя рэжысёрскія эксперыменты. Для гледачоў гэта рэдкая магчымасць убачыць у адным месцы найлепшыя пастаноўкі з розных краін, а для саміх артыстаў — час натхнення і абмену вопытам.

 СБ