«Малая радзіма», «Код маладосці» – пра тое, якія лакацыі будуць працаваць на рэспубліканскім свяце «Купалле» ў Александрыі, журналістам расказаў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун.

Ужо традыцыйна ўсіх гасцей і ўдзельнікаў свята будзе чакаць некалькі дзясяткаў пунктаў грамадскага харчавання. Пачастункі абяцаюць самыя розныя: ад традыцыйнай беларускай кухні да фастфуду. Гандлёвыя рады расцягнуцца на некалькі кіламетраў.

Сярод тэматычных лакацый – маладзёжная пляцоўка. Яе сфарміруюць 25 устаноў адукацыі рэгіёну. Экспазіцыя будзе прысвечана Году беларускай жанчыны: іх дасягненні ў адукацыі, уклад у падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, у тым ліку па працоўных прафесіях. Таксама тут будуць прадстаўлены і расейскія ўстановы адукацыі.

Часткай маладзёжнай пляцоўкі стане і лакацыя ГА «БРСМ» пад назвай «Код маладосці: памяць, сіла, традыцыі». Гэта будзе інтэрактыўная прастора, якая злучыць у сабе грамадзянска–патрыятычнае выхаванне, захаванне гістарычнай памяці, папулярызацыю традыцыйных каштоўнасцей, падтрымку сельскай моладзі і сучасную маладзёжную культуру.

Для камфортнага і цікавага сямейнага адпачынку будзе працаваць «Свята цырка» з прадстаўленнямі цырка–шапіто, тэматычным гандлем. Непадалёк абсталююць «Палявы кінатэатр», а таксама пляцоўку Магілёўскага абласнога тэатра лялек.

Гасцям свята прапануюць паўдзельнічаць у разнастайных квэстах, паспрабаваць сябе ў якасці воркаут–спартсменаў і пагутарыць з прадстаўнікамі спартовых рухаў. Таксама будуць прадстаўлены тэматычныя пляцоўкі Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы і лясгасаў Магілёўскай вобласці.

У час фестывалю ўсе ахвочыя змогуць наведаць экспазіцыю «Малая радзіма» і пабываць у класе, у якім вучыўся Аляксандр Лукашэнка.

Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») разгорнецца на беразе Дняпра ў Шклоўскім раёне 11 ліпеня. Госці змогуць патрапіць на фестывальнае поле з 11.00.

БЕЛТА