У Магілёве праходзіць міжнародны гісторыка–патрыятычны праект «Героі абароны. Трагедыя і подзвіг». Ён прымеркаваны да 85–годдзя гераічнай абароны горада ў ліпені 1941 года. Пра гэта расказала намеснік дырэктара ўстановы культуры «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя А.Р. Раманава» Аляксандра Буракова.

Галоўная мэта ініцыятывы – сабраць невядомыя раней матэрыялы аб удзельніках абарончых баёў і стварыць дакладную базу дадзеных герояў. Суарганізатарамі праекта выступілі маскоўскі Музей Перамогі, Тульскае музейнае аб'яднанне і гісторыка–асветніцкі цэнтр «Пераемнасць» з Тулы. Выбар партнёраў невыпадковы: у абароне Магілёва актыўна ўдзельнічалі дывізіі, сфарміраваныя на тэрыторыі Тульскай вобласці.

«Праект уключае акцыю па зборы фатаграфій, лістоў і ўспамінаў аб абаронцах горада, а таксама конкурс малюнка сярод навучэнцаў школ мастацтваў Магілёва. Работы павінны адлюстроўваць сюжэты абарончых баёў, партрэты герояў і памятныя месцы», – патлумачыла Аляксандра Буракова.

Па выніках акцыі і конкурсу ў Музеі Славы сфарміруюць новую выставачную экспазіцыю. Яе ўрачыстае адкрыццё, прэзентацыя праекта і круглы стол з удзелам даследчыкаў з Беларусі і Расіі запланаваны на 4 чэрвеня 2026 года.

Асаблівасцю праекту стане яго мабільны фармат. Выстава адправіцца ў шлях на аўтобусе МАЗ–203 у рамках міжнароднага маладзёжнага патрыятычнага праекта «Дарогамі Памяці і Славы».

Экспазіцыя таксама можа наведаць раённыя цэнтры вобласці.

У рэалізацыі маштабнай ініцыятывы апрача музеяў задзейнічаны Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, пошукавы клуб «Вікру», БРСМ, а таксама гарадскія і раённыя музеі рэгіёну. Праект накіраваны на ўвекавечанне памяці аб трагічных і гераічных старонках гісторыі Магілёва лета 1941 года.

БЕЛТА