Якім будзе адкрыццё маладзёжнага тэатральнага форуму «M.@rt.кантакт» у гэтым годзе, расказалі арганізатары падчас прэс–канферэнцыі «Роля мастацтва ва ўмацаванні міжкультурнага дыялога: правядзенне ХIХ Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «M.@rt.кантакт».

Маладзёжны тэатральны форум пройдзе ў Магілёве з 20 па 27 сакавіка. У яго афішы 17 спектакляў ад тэатральных калектываў Беларусі, Расіі і Казахстана.

Па традыцыі, арганізатары рыхтуюць сюрпрызы для гледачоў у дзень адкрыцця маштабнай тэатральнай падзеі.

«У дзень адкрыцця форума на вуліцы да пачатку ўрачыстай часткі пройдзе перфоманс. У ім будуць задзейнічаныя артысты тэатра, навучэнцы Магілёўскага каледжа мастацтваў і горад», – распавяла дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Вольга Кузняцова.

Пасля гэтага гасцей запросяць у Магілёўскі абласны драматычны тэатр. «Мы падрыхтавалі арт–пляцоўку з тэматычнымі экспазіцыямі, якія дапамогуць акунуцца ў атмасферу свята. А ўжо потым на сцэне пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцця», – сказала яна.

Адкрыццё форуму пройдзе 20 сакавіка на вялікай сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра а 18.30. Пасля гэтага гледачы змогуць паглядзець пастаноўку «Яўген Анегін».

БЕЛТА