У Магілёве 30 і 31 студзеня пакажуць прэм'еру спектакля «Трыбунал» паводле культавай п'есы класіка беларускай літаратуры Андрэя Макаёнка. Аб гэтым паведамілі ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

Пастаноўка створана ў жанры народнага лубка, узроставае абмежаванне - 16+. «Трыбунал» - гэта выбух эмоцый, апантаная энергія і глыбіня, ад якой сціскаецца сэрца.

Дзеянне разгортваецца ў 1942 годзе, у беларускай вёсцы, акупаванай нямецкімі войскамі. У адным з дамоў жыве сям'я пастуха Цярэшкі: яго малодшы сын Валодзька, нявестка Надзейка і Паліна - жонка Цярэшкі. Менавіта Паліна - галава сям'і. Парадак і спакой у доме трымаюцца на яе плячах. Яна прымае рашэнні ў найскладаных сітуацыях і не дае хаосу вайны пракрасціся ў іх жыццё. Паліна - генерал сям'і, і, здаецца, усё пад яе кантролем... Пакуль Цярэшка не прыносіць вестку аб тым, што яго прызначылі старастай і зараз ён будзе служыць нямецкаму кіраванню.

Спектакль спалучае грубы народны гумар і высокія драматычныя моманты, шум жыцця і цішыню смерці, смех і слёзы - усё тое, што чалавек можа пераадолець, і тое, дзе ён бяссільны.

БЕЛТА