Свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» пройдзе 1 жніўня на Замкавай гары ў Мсціславе. Маштабная падзея чарговы раз збярэ аматараў гісторыі і турызму. Як распавялі арганізатары свята, калі летась галоўнай тэмай свята была – «Белая магія», то на гэты раз тэмай стане мастацтва сярэднявечных вулічных прадстаўленняў.

Асаблівы акцэнт будзе зроблены на культуры вулічнага тэатра: канатаходцы, майстэрства эквілібрыстаў, рытмічныя шоу з хулахупамі і яркія, інтэрактыўныя пастаноўкі. Гэтая тэматыка дадасць святу асаблівай дынамікі і лёгкасці.

На галоўнай сцэне «Рыцарскага фэсту» будзе ўсталяваны святлодыёдны экран для відэасуправаджэння мерапрыемства. Гасцей чакае апусканне ў гісторыю. Гэта поўнакантактныя рыцарскія турніры, масавыя бугурты з удзелам дзясяткаў цяжкаўзброеных воінаў, а таксама грандыёзны штурм замка з прымяненнем аблогавай тэхнікі, конныя выступленні. Акрамя відовішчных бітваў, наведвальнікі змогуць прагуляцца па аўтэнтычным рамесным рынку і паўдзельнічаць у майстар–класах. Вячэрняя праграма традыцыйна абяцае быць незабыўнай: фольк–музыка на канцэрце і грандыёзнае вогненнае шоу стануць яркай фінальнай кропкай гэтага займальнага падарожжа ў эпоху рыцарства.

Тут адбудуцца захапляльныя трукавыя шоу, масавыя баталіі пешых рыцараў, разгорне працу горад майстроў, дзе рамеснікі будуць даваць майстар–клас. Шмат на фэсце абяцаюць і тэматычных пляцовак.

Лакацыя для фэсту абрана невыпадкова. Замкавая гара – гэта гісторыка–археалагічны помнік, музей пад адкрытым небам, дзе амаль дзевяць стагоддзяў таму і пачаў сваю гісторыю сучасны Мсціслаў. На час фэсту ён ператвараецца ў сярэднявечны горад, дзе можна сустрэць князя са світай, міфалагічных персанажаў, фанфарыстаў і вяшчальнікаў, вершнікаў на высакародных скакунах, убачыць батлеечны паказ, зброю розных стагоддзяў, паназіраць за коннымі і пешымі сутычкамі рыцараў.

СБ