Спектакль «Сіняя–сіняя» Магілёўскага абласнога тэатра лялек заваяваў Гран–пры XIII Міжнароднага фестывалю «Пятрушка Вялікі», які праходзіў у Екацярынбурзе з 10 па 14 верасня. Удзел у ім бралі артысты з Расіі, Беларусі, Кітая і Замбіі.

Усяго ў аргкамітэт фестывалю паступіла больш за 110 заявак ад прафесійных тэатраў, у выніку журы адабрала 15 самых яркіх пастановак.

«Сiняя–сiняя» — гэта монаспектакль паводле аднайменнага апавядання Уладзіміра Караткевіча, які ў тэатры анансуюць як «галюцынацыю ў адной дзеі без антракту». Галоўную ролю ў ім выконвае заслужаны артыст Беларусі Мікалай Сцешыц.

Прэм'ера спектакля ў Магілёўскім абласным тэатры лялек адбылася ў 2016 годзе, у 2022–м пастаноўка знікла з рэпертуару, і вось зноў вярнулася з трыўмфам.

Усяго ў рэпертуары магілёўскіх лялечнікаў — 52 спектаклі, за год у тэатры ставяць тры–чатыры прэм'еры.

СБ