Традыцыйная культура як універсальная мова паразумення і рэсурс для ўстойлівага развіцця грамадства – гэтыя тэмы сталі цэнтральнымі на IX Міжнародным форуме, які адкрыўся 14 красавіка ў Магілёве. Мерапрыемства аб'яднала экспертаў, майстроў народнай творчасці і прадстаўнікоў дзяржаўных структур з Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Малдовы і Азербайджана.


Маштабная пляцоўка разгарнулася ля сцен Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна–асветнай работы. Яшчэ да пачатку афіцыйнай часткі госці пагрузіліся ў атмасферу свята на выставе–кірмашы «Народны каларыт». Яна размясцілася ўздоўж Пушкінскага праспекта – ад скрыжавання з вуліцай Гагарына да аўтастаянкі. Тут можна было не толькі ўбачыць унікальныя рамесныя вырабы, але і пагутарыць з майстрамі, даведацца пра сакрэты старажытных промыслаў.

Адкрываючы форум, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок падкрэсліў асаблівую значнасць мерапрыемства для рэгіёна. Паводле яго слоў, Магілёўшчына ўжо шмат гадоў з'яўляецца цэнтрам падтрымкі традыцыйнай культуры, аб'ядноўваючы людзей, якія імкнуцца захаваць духоўныя каштоўнасці.


«Перакананы – асаблівую значнасць форуму надае яго міжнародны статус. Сустрэча на беларускай зямлі прадстаўнікоў розных краін і рэгіёнаў – гэта нагляднае сведчанне таго, што традыцыйная культура даўно выйшла за рамкі лакальных межаў, – адзначыў ён у прывітальным адрасе. – Гэта той рэсурс, які ў эпоху глабальных выклікаў дапамагае захаваць гістарычную памяць, традыцыі і каштоўнасці свайго народа».

Прывітальнае слова ўдзельнікам таксама зачытала кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Вераніка Шышкоўская. Яна перадала словы міністра культуры Марата Маркава, які назваў форум важнай платформай для ўмацавання міжнароднага супрацоўніцтва.

«Ва ўмовах сучаснай глабалізацыі захаванне і прасоўванне традыцыйнай культуры набывае асаблівае значэнне для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці і міжкультурнага ўзаемаразумення, – гаворыцца ў прывітанні. – Жадаю, каб вашыя ідэі знайшлі адлюстраванне ў практычных рашэннях, якія спрыяюць устойліваму развіццю культурнага складніка ва ўсёй яго разнастайнасці».


У рамках форуму адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Мой Дагестан» з фондаў Нацыянальнага музея Рэспублікі Дагестан імя А.Таха–Годзі.

Экспазіцыя ўключае жывапісныя палотны, лінагравюры, графіку і фотаматэрыялы. Мастацтва Дагестана прадстаўлена як унікальная з'ява, дзе шматвяковыя народныя традыцыі пераплятаюцца з прафесійнай школай. Гледачы могуць убачыць зачаравальныя горныя краявіды, партрэты вядомых асоб і бытавыя сцэнкі з жыцця горцаў у нацыянальным адзенні.


Генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Рэспублікі Дагестан Пахрудзін Магамедаў расказаў, што для іх рэспублікі тэма адзінства народаў з'яўляецца жыццёвай асновай.

«Дагестан – вельмі шматнацыянальная рэспубліка, дзе гавораць на розных мовах і дыялектах. Мы жывем гэтым усё жыццё як адна вялікая сям'я розных нацыянальнасцей, – сказаў ён. – У нас вельмі шмат розных культур і традыцый. Мы іх захоўваем, выконваем і імкнемся перадаваць падрастаючаму пакаленню».

Паводле слоў госця, удзел у міжнародных выставах дае магчымасць з задавальненнем папулярызаваць культуру сваёй рэспублікі. Ён адзначыў, што сапраўдныя музейшчыкі працуюць не дзеля даходу, а па любві да прафесіі, трапятліва захоўваючы спадчыну продкаў.


«Кожны робіць свой унёсак, і разам у нас атрымліваецца яшчэ больш. Каб рабіць гэта ад душы, трэба быць у душы музейшчыкам», – рэзюмаваў Пахрудзін Магамедаў.

Форум працягне сваю працу дыскусійнымі пляцоўкамі, дзе ўдзельнікі абмяркуюць стратэгіі інтэграцыі культурнай спадчыны ў сучаснае жыццё і новыя формы міжнароднага супрацоўніцтва.


БЕЛТА