Аб асаблівасцях Міжнароднага тэатральнага форуму «M.@rt.кантакт» падчас прэс–канферэнцыі ў Доме прэсы распавялі арганізатары.

Як адзначыла кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Яўгенія Багдановіч, тэатральная падзея ў Магілёве з'яўляецца адзінай у сваім родзе. «У такім фармаце, у якім праходзіць «M.@rt.кантакт», у нас не праходзіць больш ні адна міжнародная тэатральная падзея. І гэтым ён істотна адрозніваецца ад усіх іншых, – падкрэсліла яна. – І галоўная перавага форуму – ён адкрывае наш фестывальны год».

Паводле слоў начальніка аддзела народнай творчасці, культурна–дасугавай дзейнасці і ўстаноў адукацыі ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандра Глуздова, унікальнасць форуму ў тым, што ён збірае на сваёй пляцоўцы моладзь: маладых драматургаў, акцёраў, рэжысёраў. «Асаблівасць форуму «M.@rt.кантакт» – нараўне з масцітымі тэатрамі ўдзельнічаюць маладзёжныя тэатры. Гэта выдатны шанец маладым рэжысёрам заявіць пра сябе перад гледачамі і журы і адразу атрымаць зваротную сувязь ад экспертаў і крытыкаў, – дапоўніў ён. – Яшчэ яна асаблівасць – у сваім родзе гэта яшчэ і адукацыйны форум».

У гэтым годзе акрамя насычанай тэатральнай праграмы, якая будзе прадстаўлена 17 спектаклямі ад творчых калектываў Беларусі, Расіі і Казахстана, будзе і цікавая творчая лабараторыя, і тэматычныя майстар–класы. «На майстар–клас сёлета нараўне з прафесіяналамі будуць запрошаны кіраўнікі аматарскіх тэатральных калектываў Магілёўскай вобласці. І гэта выдатна, – распавёў Аляксандр Глуздоў. – Мы запрашаем на майстар–клас навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, дзіцячых школ мастацтваў, на базе якіх дзейнічаюць тэатральныя аддзяленні».

Як адзначыла дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Вольга Кузняцова, сёлета ў афішы форуму будуць прадстаўлены пяць новых тэатральных калектываў – яны ўпершыню прымуць удзел у маштабнай тэатральнай падзеі. Усяго было пададзена 32 заяўкі ад удзельнікаў. «Гэта сведчыць аб тым, што наш форум вядомы далёка за межамі Беларусі, дасылаюць вельмі шмат заявак. І каб сфарміраваць афішу ў гэтым годзе, мы звярнулі ўвагу на класіку, – распавяла яна. – І кожны калектыў у адборы сваіх спектакляў зрабіў акцэнт на тым, што гэта актуальна для моладзі».

Цікавасць гаворыць сама за сябе – на пяць спектакляў білеты разляцеліся ў першыя пяць дзён.

Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «M.@rt.кантакт» пройдзе ў Магілёве з 20 па 27 сакавіка.

БЕЛТА