У магілёўскім кінатэатры «Радзіма» сёння далі старт XXIX Міжнароднаму фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка–2026». Творчы конкурс за столькі гадоў не страціў сваёй актуальнасці, а толькі болей набраў папулярнасці сярод удзельнікаў. Пра гэта кажа рэкордная колькасць заявак у гэтым годзе – 1962 заяўкі з 99 краін свету.


Па традыцыі, лепшыя работы вызначаць у трох конкурсах фестывалю: анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці і дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна–прыкладной творчасці. У гэтым годзе да іх дадалася яшчэ адна намінацыя – «Лепшы аніматар анімацыйнага фільма».


Святу анімацыі і творчасці далі старт на вуліцы каля кінатэатра – яркая творчая праграма сабрала тут сотні гараджан. Працягнулася цырымонія на сцэне кінатэатра.


Як адзначыў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун, фестываль – гэта знакавая падзея не толькі для Магілёўскай вобласці, але і ўсёй краіны. Ён жа такі адзіны ў сваім родзе на тэрыторыі нашай краіны. «З кожным годам фестываль усё дадае і дадае ў колькасці ўдзельнікаў. Калі раней мы пачыналі з 47 дзяржаў–удзельніц, то ў гэтым годзе ў нас рэкорд – 99 краін–удзельніц і амаль 2 тыс. заявак. Гэта паказвае тое, што цікавасць да Беларусі, Магілёўскай вобласці і анімацыйнага кіно расце і карыстаецца вялікім попытам. І, вядома ж, фестываль не ведае межаў – мы паказваем, што Магілёўшчына заўсёды гатова прымаць гасцей і вясці дыялог на культурнай прасторы, – падкрэсліў ён. – «Анімаёўка» – гэта брэнд Магілёва. І ў наступным годзе ў нас будзе 30–годдзе фестывалю. Я ўпэўнены, што мы яшчэ прырасцем ў геаграфіі. І свята ў наступным годзе будзе яшчэ больш маштабным».

Па словах старшыні журы конкурсу анімацыйных фільмаў, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ігара Волчака, сакрэт даўгалецця фестывалю просты. І крыецца ён у шчырасці.

«Калі мы толькі задумвалі гэты праект у мінскім кінатэатры «Кастрычнік», гэта быў нават не фестываль, а проста сціплае свята анімацыі. Але пераехаўшы ў Магілёў, ён набыў зусім іншы маштаб і афіцыйны статус. Шчыра прызнаюся: я і ўявіць не мог, што ён так вырасце і адужэе, – сказаў ён. – За кожным такім святам стаіць каласальная праца узрушаючай каманды. Я бываў на многіх міжнародных фестывалях і ведаю, якіх намаганняў патрабуе арганізацыя падзеі такога ўзроўню. Сёння да нашай справы ёсць вялікая цікавасць і з боку дзяржавы, і з боку людзей, якія шчыра гараць анімацыяй».

Асабіста для яго анімацыя – гэта не праца, а крыніца штодзённай радасці і задавальнення на працягу ўсяго жыцця. «Так, гады бяруць сваё, і зараз нашая галоўная задача – перадаць досвед моладзі. А маладыя хлопцы ў нас проста цудоўныя! Ім абавязкова трэба дапамагаць. І наш фестываль якраз дае ім цудоўны шанц заявіць пра сябе, паказаць усё, на што яны здольныя. Тое, што яны ствараюць сёння – гэта ўзрушаюча», – падзяліўся Ігар Волчак.

У ліку госця фестывалю сёлета – рэжысёр анімацыйнага кіно і аўтар коміксаў, выкладчык Пекінскай кінаакадэміі Сі Чэнь. Як распавёў рэжысёр, ён не ўпершыню ўдзельнічае ў «Анімаёўцы». «Некалькі гадоў таму я быў у журы конкурсу, таксама ўдзельнічаў у камісіі па адборы карцін. І магу адзначыць, што за гэты час, як раз–такі за апошнія два гады, якасць прац вельмі моцна палепшылася. Таксама колькасць заявак таксама ўзрасла», – сказаў ён.


БЕЛТА, фота Галіны Гаўрыловіч