Цыкл адукацыйнай праграмы па захаванні і папулярызацыі нематэрыяльнай спадчыны будзе падзелены на некалькі блокаў і раскажа пра рамёствы, якімі славіцца Магілёўская вобласць.


Паводле слоў загадчыцы аддзела аматарскай творчасці Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Аніты Шчарбіч, 25 лютага ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў пройдзе майстар-клас па навучанні моладзі тэхналогіі вырабу гліняных народных цацак-свістулек. У сакавіку на пляцоўцы цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, які пасля далучэння да яго Палаца культуры вобласці, перамясціўся ў будынак Палаца, адбудзецца майстар-клас «Мастацтва выцінанкі Магілёўскай вобласці».

- У рэгіёне пражывае вельмі шмат таленавітых майстроў, якія працуюць у розных тэхніках. Яны і будуць даваць урокі: «Мясцовы стыль песеннай, танцавальнай і народна-апавядальнай лакальнай традыцыі міжрэчча Сожа і Проні», «Традыцыя выканання хросных і вясельных песень». Моладзь навучым і карункі плесці, і саламяных павукоў, і лапці. Працаваць з імі будуць носьбіты традыцый, дзякуючы якім гэтыя промыслы і рамёствы жывыя, перадаюцца з пакалення ў пакаленне, — падкрэслівае Аніта Шчарбіч.


Паводле яе слоў, моладзь актыўна далучаецца да працэсу. Яна і сама ўжо не раз удзельнічала ў майстар-класах. Дзякуючы цыклу адукацыйных праграм выразаць ажурныя выцінанкі ці ствараць прыгажосць з гліны навучацца і іншыя яе землякі.

СБ