Выстаўка «Залатой саломкі святло» – адна са старонак праекта Дома рамёстваў у Горках пад назвай «Майстар і вучні». Гэта творчая ініцыятыва, накіраваная на захаванне традыцый народных промыслаў і пераемнасці пакаленняў, у рамках якой праходзяць персанальныя выставы настаўнікаў і іх выхаванцаў. Саломка стала вядомым брэндам Горацкага раёна дзякуючы шматгадовай працы мясцовых майстроў па захаванні і развіцці традыцыйнага беларускага мастацтва саломапляцення, якое ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.


Акцэнт гэтай выставы – працы народнага майстра Ірыны Беляковай і яе дзевяці вучаніц. Ірына Анатольеўна стаяла ля вытокаў развіцця саломапляцення ў Горках. Сімвалічна, што на выставе прадстаўлены работы іншай майстрыхі, якая ў сваю чаргу была настаўніцай для самой Ірыны Беляковай, – Саланенка Ганны Лявонаўны. Ірына Белякова расказвае аб праекце:

На гэтай выставе кожная з майстрых будзе даваць майстар–клас, а працы будуць паступова папаўняць выставу–трансформер. Мае вучаніцы сталі вядомымі майстрамі. Многія з іх, як і я, з'яўляюцца носьбітамі гісторыка–культурнай каштоўнасці Беларусі, захоўваючы ўнікальныя традыцыі і сакрэты стварэння вырабаў з саломкі, якія ў 2022 годзе былі ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Я прысвяціла гэтаму рамяству 40 гадоў.


Менавіта ў Горках з'явілася першая ў Беларусі дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў у 1995 годзе на базе раённага Дома рамёстваў.

Народны майстар Ірына Хізанейшвілі займаецца саломапляценнем з 1999 года, вядзе актыўную работу па далучэнні дарослых і дзяцей да традыцыйных рамёстваў. Яна валодае старадаўнім спосабам спіральнага пляцення і стварае рэчы па «прабабуліным тэхналогіям».

– Саломапляценне – гэта працаёмкае і карпатлівае рамяство, якое патрабуе вялікіх выдаткаў часу і ручной працы на кожным этапе. Але бывае так, што працуеш і ноччу, так зацягвае магія гэтага «залатога» мастацтва, калі простыя сцеблы палёў пад рукамі майстра ператвараюцца ў крохкае ззянне і карункавы цуд. Саламапляценне ў Беларусі — не проста рамяство, а сапраўдны культурны код, які перадаецца з пакалення ў пакаленне.


 СБ