RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Курсанты авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі праходзяць лётную практыку ў Бабруйску

Курсанты першага курса авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Беларусі праходзяць лётную практыку на базе Бабруйскага аэраклуба ДТСААФ. За летні перыяд тут навучаць 18 чалавек, расказаў начальнік аэраклуба Аляксандр Кудрыцкі.

«Навучаннем курсантаў мы займаемся каля 20 гадоў, і гэты год не стаў выключэннем, – адзначыў суразмоўца. – Задача нашых інструктараў – падрыхтаваць першакурснікаў да вылету і адпрацаваць з імі асноўныя навыкі пілатавання. Хлопцам трэба будзе асвоіць такія паветраныя фігуры, як разварот, віраж, зніжэнне, штопар. Аднак самае галоўнае – нам трэба будзе навучыць іх ўзлятаць і садзіцца. У распараджэнні практыкантаў восем навучальных планёраў. Гэта самыя простыя лятальныя апараты, пасля навучання на якіх яны будуць асвойваць больш сур’ёзную тэхніку».

За час практыкі кожны курсант павінен налятаць па 20 гадзін. Сюды ўваходзяць вывазныя (разам з інструктарам), самастойныя і кантрольныя палёты. Лётная вучэбная практыка дазволіць вызначыць дзяцей на прафпрыдатнасць – неба пакараецца не ўсім. «Нават пры добрай фізічнай і тэарэтычнай падрыхтоўцы курсанта не заўсёды можна зразумець, як ён павядзе сябе за штурвалам самалёта, – тлумачыць Аляксандр Кудрыцкі. – Бывае, што людзі губляюцца: не рэагуюць на каманды і не ведаюць, што ім рабіць».

Менавіта таму інструктары аэраклуба яшчэ і псіхалагічна наладжваюць курсантаў на палёт. Бо будучы пілот павінен быць максімальна сабраным, засяроджаным і маральна гатовым хутка вырашаць нестандартныя сітуацыі. У канцы практыкі курсантаў чакае іспыт.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая