RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Лідзія Ярмошына прапанавала Аляксандру Лукашэнку правесці выбары сенатараў 7 лістапада, дэпутатаў - 17 лістапада

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прапанавала правесці выбары ў Савет Рэспублікі 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў - 17 лістапада. Аб гэтым яна паведаміла сёння журналістам па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць гэтыя прапановы, яшчэ раз праінфармаваць яго і падрыхтаваць адпаведныя праекты ўказаў. «Кіраўнік дзяржавы прапанаваў дапрацаваць нам гэтыя прапановы, улічыць меркаванне мясцовых улад і да наступнага панядзелка (думаю, менавіта 5 жніўня пачнецца выбарчая кампанія) прадставіць праекты ўказаў з канкрэтнымі датамі правядзення выбараў», - сказала Лідзія Ярмошына.

Што датычыцца фінансавання выбарчых кампаній, старшыня ЦВК адзначыла, што ў Беларусі «выбары праходзяць па самых эканомных стандартах». «Гэта і пажаданне кіраўніка дзяржавы, і насельніцтва да гэтага з хваляваннем ставіцца. Расходы на правядзенне выбараў у нас на кожнага выбаршчыка ў некалькі разоў ніжэйшыя, чым у прыгранічных дзяржаў», - звярнула яна ўвагу.

У гэтым годзе на парламенцкія выбары плануецца выдзеліць крыху больш сродкаў, чым на праведзеныя ў верасні 2016 года выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў VI склікання. «У сувязі з павелічэннем сярэдняй заработнай платы адбылося нязначнае павелічэнне расходаў. У 2016 годзе член участковай выбарчай камісіі атрымліваў на рукі Br60, у гэтым годзе атрымае Br76», - растлумачыла Лідзія Ярмошына.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая