RU BY EN 中文
Instagram

Лінію па вытворчасці мясных кансерваў адкрылі на Магілёўскім мясакамбінаце

Лінію па вытворчасці мясных кансерваў адкрылі на Магілёўскім мясакамбінаце.

Удзельнікамі гэтай падзеі сталі намеснік прэм'ер міністра Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Новая лінія - першая для нашага рэгіёна. З’явілася ў рамках мадэрнізацыі вытворчасці. Яна расійская і па сваіх тэхнічных характарыстыках не саступае еўрапейскім аналагам. А гэта значыць, што ў будучыні не ўзнікне пытанняў па камплектуючых.

Вытворчая магутнасць лініі - 5 тысяч слоікаў за змену.

Свайму пакупніку мясакамбінат пакуль прапануе кансервы са свініны і ялавічыны.

«Першая партыя пойдзе ў фірмовы гандаль, а далей па іншых гандлёвых кропках, - гаворыць намеснік галоўнага тэхнолага Магілёўскага мясакамбіната Святлана Гардзеева. - У перспектыве - пастаўка магілёўскіх мясных кансерваў за мяжу, у краіны СНД. Далей мы плануем пашырыць асартымент. У планах - кансервы з мяса прамысловых жывёл, мясараслінныя кансервы з выкарыстаннем разнастайных круп».

Азнаёміўшыся з работай новай лініі намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц адзначыў, што мадэрнізацыя вытворчасцей і асваенне выпуску новай прадукцыі дае ўпэўненасць спажыўцу ў тым, што нашы прадпрыемствы не стаяць на месцы.

«Таксама - гэта імідж нашай дзяржавы, - падкрэсліў Леанід Канстанцінавіч. - Мы не зачыненыя ад вонкавых наведванняў. Колькі людзей да нас прыехала з Еўропы сёлета паводле рашэння прэзідэнта краіны. І ўсе яны бачаць на нашых прылаўках вялізную колькасць прадуктаў. Гэтыя прадукты - натуральныя, без якіх-небудзь кансервантаў і інгрэдыентаў, якія могуць несці небяспеку для чалавека. Таму я лічу, што нельга стаяць на месцы. У кожным месцы, на кожнай вытворчасці трэба шукаць асаблівасць, каб было яшчэ лепш.

Што датычыцца Магілёўскага мясакамбіната, то новая лінія па вытворчасці тушонкі прынясе дадатковы аб'ём таварнай прадукцыі, павялічыць выручку прадпрыемства і пэўныя дывідэнды ў бюджэт, - сказаў Леанід Канстанцінавіч. - Гэтаму прадукту заўсёды знойдзецца месца на паліцах унутры Беларусі, карыстаецца вялікай папулярнасцю ён і за межамі нашай краіны».

 mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая