RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Магатэкс» плануе завяршыць комплексную мадэрнізацыю да кастрычніка

Адкрытае акцыянернае таварыства «Магатэкс» плануе да кастрычніка гэтага года завяршыць комплексную мадэрнізацыю прадпрыемства. Пра гэта паведаміў яго генеральны дырэктар Віктар Маціевіч на пасяджэнні савета канцэрна «Беллегпрам».

У цяперашні час на прадпрыемстве пачалася так званая «актыўная фаза тэхнічнага перааснашчэння», манціруецца новае абсталяванне. А гэта 145 новых ткацкіх станкоў, друкаваныя і сушыльна-шырыльныя машыны, іншая тэхніка. У вытворчых цэхах цалкам пераабсталявана і заменена на сучаснае вентыляцыйнае, энергазберагальнае абсталяванне, сістэмы кандыцыянавання.

Мадэрнізацыя абыдзецца ў суму Br76 млн., з якіх палова – уласныя сродкі прадпрыемства, а другая палова – сродкі з дзяржаўнай інавацыйнай праграмы. Галоўная мэта комплекснага абнаўлення вытворчасці – забяспечыць канкурэнтную якасць прадукцыі, патрэбны асартымент для пашырэння рынкаў збыту.

Віктар Маціевіч падкрэсліў, што ў гэтым годзе ў планах «Магатэкса» павялічыць аб’ёмы продажаў у краіны СНД практычна ў два разы. Кампанія выйграла тэндары на пастаўку прадукцыі ў Азербайджан, Грузію, Арменію, Казахстан. У мінулым годзе пачата праца па пастаўках вырабаў у Афрыку, атрыманы заказ на выраб формы для Мінабароны Замбіі. «Шмат узораў зрабілі для Лацінскай Амерыкі. Але не хапае там надзейнага партнёра, каб вырашыць усе пытанні. Разлічваем у гэтым годзе паставіць на $ 500 тыс. нашай тканіны», – заўважыў гендырэктар.

Акрамя таго, у сакавіку чакаецца візіт у Беларусь прадстаўнічай дэлегацыі кампаніі «Арлен» – буйнога вытворцы і пастаўшчыка ваеннага абмундзіравання (і не толькі) у Польшчы і Усходняй Еўропе. «Мы правялі з імі перамовы, яны плануюць прыехаць у Беларусь для заключэння кантракту. Гэта кампанія з абаротам больш за 200 млн. еўра, яны зацікаўлены ў сумеснай працы як на рынку СНД, так і ва Усходняй Еўропе. Ідзе гаворка аб стварэнні сумеснага прадпрыемства», – удакладніў Віктар Маціевіч.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая