RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёў з гастролямі наведае Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр

Магілёў з гастролямі наведае Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Мінская трупа 29 студзеня на сцэне абласнога драматычнага тэатра прадставіць лірычную камедыю «Вяселле ў стылі рэтра», паведамілі карэспандэнту сайта ў адміністрацыі ўстановы культуры.

П’есу «Рэтра» драматург, кінасцэнарыст і рэжысёр Аляксандр Галін напісаў у 1979 годзе. З моманту напісання гэтага драматычнага творы істотна змяніліся рэаліі нашага жыцця. Аднак шчымлівая чалавечая інтанацыя прыцягвала і па гэты дзень прыцягвае да камедыі ўвагу пастаноўшчыкаў. На аснове гэтай п’есы рэжысёры стварылі мноства сцэнічных версій пад рознымі назвамі: «Вяселле на старасці гадоў», «Тры нявесты для пажылога чалавека», «Сівізна ў бараду, нячысцік у рабро» і інш.

«Лірычная камедыя «Вяселле ў стылі рэтра» таксама пастаўлена па матывах п’есы Аляксандра Галіна «Рэтра» ў літаратурнай рэдакцыі Аляксандра Зотава з музыкай Аляксандра Журбіна», – удакладнілі суразмоўцы.

У анатацыі да спектакля гаворыцца: «... Рыгор Міхайлавіч усё сваё жыццё працаваў будаўніком дахаў у вёсцы. А цяпер пенсіянер «вартуе антыкварыят» і «працуе аўтаадказчыкам» у гарадской кватэры дачкі. Старога гняце адзінота, яго не задавальняюць жыццёвыя пазіцыі дачкі Людмілы і яе мужа Леаніда. Складаныя ўзаемаадносіны са свёкрам-удаўцом падахвочваюць апошняга знайсці таму некалькі жанчын з перспектывай далейшай жаніцьбы. Рыгор Міхайлавіч павінен па чарзе пазнаёміцца з кожнай з патэнцыйных нявест і выбраць тую, якая прыйдзецца яму больш па душы. Аднак ніхто не чакаў, што ўсе тры «дзяўчаты» прыйдуць адначасова... Як вырашыцца сітуацыя, якая склалася? Ці ўдасца прадпрымальнай парачцы прыстроіць незгаворлівага старога? Якая з жанчын апынецца пераможцай? Пранізлівы і адначасова мудры спектакль «Вяселле ў стылі рэтра» дасць адказы на ўсе гэтыя пытанні».

У спектаклі занятыя заслужаны артыст Расіі Аляксей Кузьмін, заслужаныя артысты Беларусі Маргарыта Аляксандровіч, Антон Заянчкоўскі, Людміла Станевіч, лаўрэат міжнароднага конкурсу Леся Лют, народная артыстка Беларусі Наталля Гайда, актрыса Ірына Заянчкоўская.

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр створаны ў 1970 годзе і свой першы тэатральны сезон адкрыў 17 студзеня 1971 года спектаклем «Спявае «Жаваранак»» беларускага кампазітара Юрыя Семянякі. Да 2000 года калектыў насіў назву «Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Беларусі». 15 кастрычніка 1981 года тэатр адкрыў новы дванаццаты сезон у спецыяльна ўзведзеным для яго будынку па вуліцы Мяснікова, 44. Больш чым за 40 гадоў існавання тэатра на яго сцэне было пастаўлена больш за сто спектакляў, многія з якіх сталі значнымі падзеямі ў культурным жыцці краіны і ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай культуры. У сённяшнім рэпертуары тэатра больш за трыццаць разнажанравых пастановак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая