RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўцаў вучаць выкідваць смецце правільна

У Магілёве на ўсіх кантэйнерных пляцоўках для збору смецця размясцілі інструкцыі, як правільна сартаваць адкіды. Жыхарам абласнога цэнтра нагадваюць, для якіх адходаў прызначаны кантэйнеры. Гэта ініцыятыва МГКУ «Спецаўтапрадпрыемства», заўважылі ў адміністрацыі Магілёўскага камунальнага спецыялізаванага аўтапрадпрыемства.

На яго балансе знаходзяцца ўсе кантэйнерныя пляцоўкі горада. Іх прыкладна паўтысячы. На кожнай размясцілі маляўніча аформленыя інфармацыйныя таблічкі з заклікам «Захаваем прыроду разам! Падзяліце адходы! Маленькае намаганне кожнага – вялікі эфект для краіны».

Камунальнікі заклікаюць не выкідваць смецце ў адным пакеце. На стэндах паказана, для якіх відаў адходаў прызначаныя каляровыя кантэйнеры. Тэкставая і графічная інфармацыя дае поўнае ўяўленне, як правільна карыстацца кантэйнернымі пляцоўкамі і як неабходна сартаваць смецце.

«Для будаўнічых адходаў кантэйнерныя пляцоўкі не прызначаны. Такія адходы тут забаронена складаваць, – нагадалі жыхарам, якія задумалі рамонт, суразмоўцы. – Гэта праблема сур’ёзна заяўляе пра сябе вясной і летам, калі з кватэр масава пачынаюць выносіць разнастайныя будаўнічыя адходы».

На спецаўтапрадпрыемстве патлумачылі, што, згодна з заканадаўствам, забаронена выкідваць будаўнічае смецце і смецце, якое ўтвараецца падчас рамонту, у кантэйнеры для збору цвёрдых камунальных адходаў альбо пакідаць яго на кантэйнернай пляцоўцы. Яго трэба вывозіць на палігон для адходаў самастойна. Другі варыянт – запрасіць адпаведную арганізацыю і заплаціць ёй за гэта. Дарэчы, з 15 сакавіка спецаўтапрадпрыемства пачне аказваць паслугу па вывазе і пахаванні будаўнічых і буйнагабарытных адходаў па заяўках грамадзян. Іх прымаюць па тэлефоне (80222) 70-69-52.

Радыё «Магілёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая