Рус Бел Eng 中文

«Магілёўліфтмаш» напярэдадні свайго юбілею выпусціў 375 тысячны ліфт

ААТ «Магілёўліфтмаш» напярэдадні святкавання свайго 55-гадовага юбілею выпусціла 375-тысячны ліфт, які будзе зманціраваны ў Пярмі ўжо ў кастрычніку гэтага года. Пра гэта расказаў намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях акцыянернага таварыства Антон Бельскі.

«Наша прадпрыемства пазіцыянуецца як лідар у ліфтавай галіне на ўсёй постсавецкай прасторы, – удакладніў Антон Бельскі. – Мы выпускаем шырокую гаму пасажырскіх і грузавых ліфтаў – усяго каля 200 базавых мадэляў. Штомесяц з канвеера сыходзіць ад 1,1 тыс. да 1,25 тыс. адзінак прадукцыі. Каля 80% ліфтавага абсталявання пастаўляецца на экспарт. Асноўным гандлёвым партнёрам прадпрыемства на працягу многіх гадоў застаецца Расія. Сёння актыўна развіваецца супрацоўніцтва з Украінай, Казахстанам, Малдовай, Кыргызстанам, Грузіяй і Арменіяй. Загрузка вытворчых магутнасцей складае больш за 90%».

Магілёўскае прадпрыемства імкнецца не прапускаць на тэрыторыі краіны ніводнага тэндару. Гэта стымулюе акцыянернае таварыства ўдасканальвацца і адпавядаць неабходным патрабаванням рынку – быць больш гнуткім, мабільным, камунікабельным і арыентаваным на патрэбы заказчыка. Прадпрыемства нацэлена на тое, каб задаволіць любыя запыты і прапановы ў плане тэхнічных характарыстык.

«Шматгадовы вопыт працы дазваляе ствараць надзейныя, бяспечныя і камфортныя ліфты, – падкрэсліў намеснік гендырэктара. – Каля 60% усёй прадукцыі ідзе на новае будаўніцтва: магілёўскія ліфты ўстанаўліваюцца ў жылых дамах, прамысловых і адміністрацыйных будынках, на спартыўных і сацыяльных аб’ектах. Татальны кантроль якасці на ўсіх этапах выпуску ліфтавага абсталявання забяспечваецца дзякуючы поўнаму цыклу вытворчасці на ўласных плошчах: ад гайкі да адліву дэталяў. Доля імпартных складнікаў не перавышае 15–20%. Таксама бясспрэчны плюс – нізкі кошт абслугоўвання ліфта ў працэсе эксплуатацыі, што сур’ёзна не адбіваецца на кашальку жыхароў шматкватэрных дамоў».

Па словах Антона Бельскага, постгарантыйнае і сэрвіснае абслугоўванне ліфтаў таксама застаецца на ўзроўні. Шмат у чым гэта звязана з пільнай увагай да сістэмы менеджменту якасці і бесперапыннай паэтапнай мадэрнізацыяй вытворчасці. Толькі за 9 месяцаў бягучага года на закупку новага абсталявання і бягучы рамонт плошчаў інвесціравана больш як Br13 млн.

«Адным са шляхоў развіцця «Магілёўліфтмаша» стала засваенне выпуску новых відаў прадукцыі, – працягнуў намеснік гендырэктара. – Некалькі гадоў таму завод пачаў вырабляць папавярховыя эскалатары і травалатары, што дазволіла выйсці на новыя рынкі: пастаўляць прадукцыю бізнес- і гандлёвым цэнтрам, вакзалам і аэрапортам. Затым на прадпрыемстве наладзілі выпуск парковак рознага тыпу. Зараз асвойваецца вытворчасць высакахуткасных ліфтаў. Таксама ў планах асваенне рынкаў далёкага замежжа і краін Еўрасаюза. Мы бачым у развіцці гэтых напрамкаў добрыя перспектывы, паколькі традыцыйныя ранкі збыту ўжо перанасычаны».

ААТ «Магілёўліфтмаш» з’яўляецца адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў ва Усходняй Еўропе, якое вырабляе ліфтавае абсталяванне і запасныя часткі для рамонту, замены і мадэрнізацыі фізічна зношаных ліфтаў, а таксама папавярховыя эскалатары, мачтавыя будаўнічыя грузапасажырскія пад’ёмнікі, пад’ёмнікі для маламабільных груп насельніцтва, ротарную паркоўку. У склад холдынгу акцыянернага таварыства ўваходзяць таксама вытворчасць электрарухавікоў (былы Магілёўскі завод «Электрарухавік»), ААТ «Зеніт» і ААТ «Завод «Ветразь». Агульная колькасць работнікаў складае каля 5,5 тыс. чалавек.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая