RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Магілёўліфтмаш» распрацаваў двухузроўневую сямейную паркоўку на 2 аўтамабілі

Двухузроўневую паркоўку залежнага тыпу на 2 аўтамабілі распрацавалі ў ААТ «Магілёўліфтмаш». Пра гэта паведаміў начальнік бюро рэкламы прадпрыемства Вадзім Еўстратаў.

«На сёння наша прадпрыемства – адзіны вытворца парковак у Беларусі, – адзначыў Вадзім Еўстратаў. – Мы пачыналі з парковак ротарных і ліфтавых, цяпер вырашылі пашырыць тэму аўтамабільных парковачных сістэм. На гэты раз арыентаваліся на прыватнага спажыўца. Мы вывучылі попыт і зразумелі, што такі від прадукцыі вельмі запатрабаваны. Там, дзе ёсць абмежаванае месца на прыдамавых участках (напрыклад, толькі для адной машыны), – зараз можна арганізаваць паркоўку на 2 аўтамабілі. Гэта добры сямейны варыянт».

На праектаванне паркоўкі пайшло каля 3 месяцаў. Канструкцыя ўяўляе сабой механізм з электрагідраўлічным прывадам. Так, праз алейную помпу ствараецца ціск у сістэме і за кошт гідрацыліндраў адбываецца ўздым дадатковай паркавальнай платформы. Паркінг разлічаны для машын сярэдняга класа, бо абмежаванне па масе аўтамабіля на платформе другога ўзроўню складае 2,15 т. Падняць такую машыну можна ўсяго за 30 секунд. На ніжняй паркоўцы маса аўтамабіля не агаворваецца.

«Паркоўка мае вельмі кампактныя габарыты: шырыня складае ўсяго 2,55 м, даўжыня – 4,7 м, – расказвае стваральнік прылады, інжынер-канструктар аддзела няпрофільнай прадукцыі прадпрыемства Арцём Зенчанка. – Механізм масай у 1,3 т прызначаны як для вулічнай эксплуатацыі, так і для ўстаноўкі ў памяшканні. У любым выпадку, усё вельмі надзейна. Напрыклад, мы прадугледзелі высокую ступень абароны ад вільгаці і пылу, зручны блок кіравання, праца якога ў мэтах бяспекі блакіруецца стопавай кнопкай, уключэнне пробліскавага маячка пры працы паркінга. Дарэчы, такая канструкцыя праслужыць 25 гадоў».

У сярэдзіне лістапада Магілёўскі паркінг атрымаў высокую ацэнку ў Маскве на міжнароднай выставе абсталявання і тэхналогій для ўладкавання і эксплуатацыі паркавальнай прасторы Parking Russia. На сёння ўсе выпрабаванні новага віду прадукцыі пройдзены, яна сертыфікавана і паступіла ў продаж. Першая паркоўка ўжо ў першых чыслах снежня адправіцца да свайго пакупніка ў Маскоўскую вобласць.

ААТ «Магілёўліфтмаш» з’яўляецца адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў ва Усходняй Еўропе, якое вырабляе ліфтавае абсталяванне і запасныя часткі для рамонту, замены і мадэрнізацыі фізічна зношаных ліфтаў, а таксама паэтажныя эскалатары, мачтавыя будаўнічыя грузапасажырскія пад’ёмнікі, пад’ёмнікі для маламабільных груп насельніцтва, ротарную паркоўку. У склад холдынгу акцыянернага таварыства ўваходзяць таксама вытворчасць электрарухавікоў (былы Магілёўскі завод «Электрарухавік»), ААТ «Зеніт» і ААТ «Завод “Ветразь”». Агульная колькасць работнікаў складае каля 5,5 тыс. чалавек.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая