Рус Бел Eng 中文

Магілёўскаму абласному краязнаўчаму музею перададуць у дар дзве баявыя ўзнагароды

Дзве баявыя ўзнагароды – ордэн Чырвонай Зоркі і медаль «За баявыя заслугі» – папоўняць фонды Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава. Іх знайшлі вучні Магілёўскай СШ № 5 і перадалі спецыялістам ваенна-пошукавай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Кіраўнік секцыі, вопытны пошукавік Сяргей Бяспанскі ўдакладняе:

– Падчас пошукавых мерапрыемстваў мы ўстанавілі, што ордэн Чырвонай Зоркі належыць ураджэнцу Чэрыкаўскага раёна Сернікаву Малаху Фамічу 1910 года нараджэння, які ў гады Вялікай Айчыннай быў сяржантам, ваяваў у складзе 369-й стралковай дывізіі. Узнагароды ён быў удастоены за подзвіг, здзейснены ў красавіку 1945 года. Малах Фаміч вярнуўся з фронту, але сёння яго ўжо няма з намі. Медаль «За баявыя заслугі» належыць іншаму нашаму суайчынніку, ураджэнцу вёскі Мерч Шклоўскага раёна Акулаву Рыгору Барысавічу 1915 года нараджэння. Радавы Акулаў (ён удастоены яшчэ і медаля «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне») служыў у 206-м запасным стралковым палку НКУС 2-га Беларускага фронту. Нам удалося адшукаць яго родных, якія сёння жывуць у Расіі і Украіне. Дарэчы, унук Малаха Фаміча таксама працуе ў РФ. Паколькі прыехаць па ўзнагароды яны не могуць, мы прынялі сумеснае рашэнне перадаць ордэн і медаль у музей.

Спецыялісты ваенна-пошукавай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў гэтым годзе, да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, аб’явілі акцыю «Вайсковая рэліквія». Яны просяць усіх суайчыннікаў, якія калісьці знайшлі і з той пары захоўваюць у сябе чужыя ўзнагароды, перадаць ім ордэны і медалі.

– Мы зоймемся пошукам герояў, якім яны былі ўручаныя за подзвіг у гады вайны, іх сваякоў. Дарэчы, дапамагчы нам у гэтай высакароднай справе можа любы чалавек, – падкрэслівае Сяргей Іванавіч. – Нам прынеслі ўжо некалькі баявых узнагарод. Да прыкладу, з Кобрынскага раёна нам перадалі медаль «За адвагу», імя ўладальніка якога мы пакуль не ўстанавілі. А вось каму належаў другі медаль «За адвагу», знойдзены ў Мінскім раёне, ужо ведаем. Ім быў узнагароджаны ўраджэнец вёскі Зарэчча Мінскага раёна – яфрэйтар Велент Уладзімір Іванавіч 1900 года нараджэння. Знойдзеным у Магілёве медалём «За баявыя заслугі» быў узнагароджаны ўраджэнец Шклова Уладзімір Дзям’янавіч Дарасевіч 1919 года нараджэння. Пасля вайны ён жыў і працаваў у абласным цэнтры. З дапамогай супрацоўнікаў УУС Магілёўскага аблвыканкама, якія дапамагаюць нам у вышуку сваякоў герояў, высветлілі, што родная сястра і сын Уладзіміра Дзям’янавіча ўжо памерлі. Але жывыя ўнукі абаронцы Айчыны, і мы спадзяёмся іх знайсці.

Пошукавая праца працягнецца. Калі сваякоў герояў не ўдасца адшукаць, баявыя ўзнагароды таксама перададуць у музей.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая