RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскаму абласному тэатру лялек прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь»

Магілёўскаму абласному тэатру лялек прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». Адпаведную пастанову аб гэтым 25 мая падпісаў міністр культуры Анатоль Маркевіч, паведамілі ва ўстанове культуры.

Абласны тэатр лялек быў створаны ў 1976 годзе. Першы спектакль «Тыграня Петрык» па п’есе Г. Янушэўскай і Я. Вількоўскага тут паказалі 23 мая 1977 года.

Гісторыя тэатра пераплецена з лёсамі беларускіх артыстаў, мастакоў, кампазітараў. Сцэна аб’яднала імёны вядомых рэжысёраў Мікалая Кулагі, Аляксея Ляляўскага, Алега Жугжды, Вячаслава Корнева, Ігара Казакова; мастакоў: Леаніда Быкава, Ларысы Мікінай, Галіны Ігнацьевай, Мікіты Запаскіна.

Калектыў –лаўрэат айчынных і міжнародных фестываляў і конкурсаў. Тройчы тэатр станавіўся лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія», неаднаразова атрымліваў вышэйшыя ўзнагароды найбуйнейшых айчынных і міжнародных тэатральных фестываляў.

Зараз тэатр вядзе актыўную падрыхтоўку да 45-годдзя. Словам, новы сезон абяцае быць насычаным. З верасня пачне працу абноўленая дзіцячая тэатральная студыя і студыя выяўленчага мастацтва. Таксама ў верасні стартуе новы праект «Тэатральныя сустрэчы». Першымі запрошанымі гасцямі стануць тэатры лялек Беларусі і Расіі. Ну і, вядома ж, тэатр працягне радаваць сваіх гледачоў спектаклямі мінулых гадоў і новымі пастаноўкамі.

Віншуем усіх, хто мае дачыненне да атрымання заслужанай узнагароды: гледачоў, артыстаў, усіх-усіх работнікаў тэатра, а таксама сяброў і калег установы культуры!

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая