RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская і Новасібірская вобласці маюць намер развіваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва

Магілёўская і Новасібірская вобласці маюць намер развіваць і паглыбляць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Такая дамоўленасць дасягнута сёння падчас сустрэчы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага з дэлегацыяй Новасібірскай вобласці (Расія) на чале з губернатарам Андрэем Траўнікавым.

«Новасібірскі рэгіён – гэта буйны прамысловы і навукова-тэхнічны цэнтр Расійскай Федэрацыі, які дынамічна развіваецца, і для нас супрацоўніцтва з ім цікавае ў самых розных напрамках, – адзначыў па выніках сустрэчы Уладзімір Даманеўскі. – На працягу доўгага часу мы пастаўляем туды прадукцыю, а з Новасібірскай вобласці імпартуем цэлы шэраг тавараў. Наша прадукцыя запатрабавана, таму мы маем намер і далей развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны, нарошчваць рознічны гандлёвы абарот».

 

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся магчымасці супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, адукацыі і навуцы, сферы аховы здароўя, культурных абменаў. «Нас таксама цікавіць кааперацыя ў эканоміцы, у прыватнасці, па развіцці інвестыцыйнай дзейнасці, стварэнні сумесных прадпрыемстваў, рэалізацыі праектаў па выпуску канкурэнтаздольнай на знешнім рынку прадукцыі», – сказаў Уладзімір Даманеўскі.

У сваю чаргу Андрэй Траўнікаў пацвердзіў сур’ёзны намер Новасібірскай вобласці па паглыбленні супрацоўніцтва з Магілёўскім рэгіёнам і выказаў зацікаўленасць у імпарце магілёўскіх ліфтаў, шын для велікагрузнай тэхнікі, прадуктаў харчавання, а таксама пошук новых таварных груп, якія будуць запатрабаваны абодвума бакамі ў нарошчванні двухбаковага тавараабароту. «У нас вельмі шмат ідэй і праектаў у сферы адукацыі і навуковай дзейнасці, а таксама ў сферы аховы здароўя. У гэтых напрамках мы маем намер стварыць рабочыя групы, якія будуць каардынаваць і развіваць працу. Таксама ў найбліжэйшы час мы плануем распрацаваць план канкрэтных мерапрыемстваў і праектаў супрацоўніцтва на два-тры гады», – сказаў ён.

Падчас сустрэчы было падпісана пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў паміж Горацкім райвыканкамам і адміністрацыяй рабочага пасёлка Кальцова Новасібірскай вобласці, а таксама дагавор аб двухбаковым супрацоўніцтве паміж Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання і Сібірскім універсітэтам спажывецкай кааперацыі (Новасібірск).

Падчас трохдзённага візіту ў Магілёўскую вобласць госці з Новасібірскага рэгіёна наведаюць шэраг буйных прамысловых прадпрыемстваў, значныя сацыяльныя і культурныя аб’екты, пазнаёмяцца са славутасцямі Магілёва і рэгіёна. Яркім фіналам сённяшняга дня стане юбілейная канцэртная праграма Дзяржаўнага акадэмічнага Сібірскага рускага народнага хору ў Палацы культуры вобласці.

Тэкст - БЕЛТА

Фотаздымкі - ўл.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая