RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская «Стужка» за 10 месяцаў павялічыла экспарт прадукцыі больш чым на 20%

Магілёўскае ААТ «Стужка» за 10 месяцаў бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыла экспарт прадукцыі больш чым на 20%. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Артур Іванюшын.

«Рост экспарту тавараў на прадпрыемстве за студзень-кастрычнік гэтага года склаў 21,8%, або больш за $ 8,6 млн, – адзначыў Артур Іванюшын. – Асноўным рынкам збыту прадукцыі па-ранейшаму застаецца Расія, доля якой займае каля 90% усіх замежных паставак. Магілёўская тэкстыльная прадукцыя таксама запатрабавана ў Грузіі, Арменіі, Узбекістане, Казахстане, Малдове і Украіне. У ліку пакупнікоў з далёкага замежжа – Літва, Латвія, Польшча, Германія, ЗША, Ізраіль, Венгрыя. На ўнутраны рынак паступае 43% вырабленай прадукцыі. Рэалізацыя тавараў за 10 месяцаў склала Br38, 4 млн, або 110,5%».

У лінейцы прадукцыі ААТ «Стужка» налічваецца больш за 10 тыс. найменняў, прычым асартыментны рад пастаянна пашыраецца. «Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца старыя ўзоры: вырабы дапаўняюцца іншымі элементамі, фурнітурай, часткова змяняецца дызайн, – удакладніў намеснік гендырэктара. – Мы арыентуемся на запыты і перавагі нашых заказчыкаў. Толькі за 9 месяцаў 2021 года ў вытворчасць ўкаранёна каля 330 малюнкаў новых вырабаў, а абнаўленне асартыменту па ўсіх відах прадукцыі склала каля 17%. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме за студзень-верасень гэтага года – больш за 7% пры заданні 6%».

Акцыянернае таварыства выпускае тэкстыльна-галантарэйныя і гардзінныя вырабы, камплекты штор, медыцынскія перавязачныя матэрыялы, а таксама пагоны і рамяні. Напрыклад, медыцынская лінейка наладжана з 2009 года. У ліку апошніх навінак гэтай серыі – кроваспыняльны жгут турнікетнага тыпу (жгут з закруткай). Частка перавязачных матэрыялаў медыцынскага прызначэння закупляецца выключна лячэбнымі ўстановамі. Аднак прадукцыя ААТ «Стужка» шырока прадстаўлена і ў розніцы. Так, сярод самых запатрабаваных аптэчных тавараў – эластычныя самафіксавальныя бінты, а таксама бінты з неасыпальнымі бакамі. Медыцынскі асартымент займае больш за 20% ад прадукцыі, якая пастаўляецца на ўнутраны рынак краіны.

«Прынцыпова новым кірункам для нас стаў выпуск дзяржаўнай сімволікі, вытворчасць якой асвоена на прадпрыемстве каля паўгода таму, – працягнуў Артур Іванюшын. – Мы робім разнастайныя дэкаратыўныя і аддзелачныя стужкі з афіцыйнай беларускай сімволікай, а таксама бутаньеркі «Кветкі Перамогі», стужачкі «Разам», разнастайныя сцягі і сцяжкі – вулічныя, кабінетныя, настольныя. У гэтай лінейцы налічваецца каля 20 найменняў прадукцыі. Дарэчы, сёлета мы ўжо рэалізавалі 11,6 тыс. штук розных сцягоў і сцяжкоў на суму больш за Вг86 тыс. Такім чынам, у аб’ёме вытворчасці самую вялікую асартыментную групу займаюць стужаткацкія вырабы – 35%, пляцельныя – 19%, гардзінныя вырабы і палатно – 18%, тэкстыльная зашпілька кантакт – 16%, медыцынская прадукцыя – 8, 5%».

Тэкстыльнае прадпрыемства працягвае нарошчваць аб’ёмы вытворчасці: за 10 месяцаў бягучага года выпуск прамысловай прадукцыі склаў у фактычных цэнах Br32,2 млн, а тэмп росту да ўзроўню мінулага года роўны 110,5%. Прадпрыемства працуе прыбыткова, што не толькі забяспечвае выкананне прагнозных паказчыкаў, але дазваляе павялічваць зарплату работнікам.

ААТ «Стужка» – найбуйнейшы вытворца тэкстыльнай галантарэі ў Беларусі. Прадпрыемства з’яўляецца пераемнікам Магілёўскай стужкаткацкай фабрыкі імя 50-годдзя БССР, заснаванай у снежні 1961 года. Сёння тут працуе 925 чалавек.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая