RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі вагонабудаўнічы завод павялічыць выпуск рухомага саставу больш чым у паўтара разы

СЗАТ «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод» (МВЗ) у 2019 годзе плануе вырабіць 1,5 тыс. грузавых вагонаў, або больш чым у паўтара раза больш. Пра гэта паведаміў дырэктар прадпрыемства Віталь Мартынаў.

«Для аптымістычнага прагнозу ў нас ёсць сур’ёзныя перадумовы: толькі Беларуская чыгунка мае патрэбу ў будучым годзе ў абнаўленні рухомага грузавога саставу не менш чым на тысячу адзінак, – адзначыў дырэктар прадпрыемства. – Таксама мы ўдзельнічаем у тэндары «Беларуськалія», якому для Петрыкаўскага радовішча спатрэбіцца ў найбліжэйшыя тры гады не менш за тысячу вагонаў. У нас ёсць дамоўленасці аб пастаўках прадукцыі шэрагу іншых беларускіх вытворцаў, у Расію і Украіну».

У бягучым годзе прадпрыемства мае намер вырабіць 930 грузавых вагонаў. Прырост вытворчасці складзе каля 25%. Прыкладна 70% выпускаемай прадукцыі – гэта пастаўкі на ўнутраны рынак, астатнія 30% экспартуюцца ў асноўным у Расію і Украіну. «Бізнес-планам развіцця прадпрыемства на найбліжэйшыя пяць гадоў прадугледжана пашырэнне мадэльнага раду рухомага саставу за кошт выпуску даўгабазных вагонаў для перавозкі дранкі і драўніны, вагонаў павялічанага аб’ёму, – расказаў Віталь Мартынаў. – Гэтая прадукцыя запатрабаваная, у тым ліку на знешнім рынку. Яе асваенне дазволіць нам нарасціць аб’ёмы вытворчасці і павялічыць экспарт».

Для асваення новай прадукцыі ў 2019-2020 гадах МВЗ плануе рэканструяваць вытворчую базу і набыць неабходнае абсталяванне з прыцягненнем сродкаў інвестыцыйнага фонду Магілёўскага аблвыканкама. На прадпрыемстве таксама прыступілі да перанавучання ўласных спецыялістаў. Арганізацыя вытворчасці новага рухомага саставу дазволіць стварыць яшчэ каля 50 высокааплатных працоўных месцаў (сярэдні заробак на прадпрыемстве складае не менш за Вг1200). Першыя даўгабазныя вагоны тут плануюць выпусціць ужо ў 2019 годзе.

Завод быў заснаваны ў 2005 годзе. З 2008 года ўваходзіць у склад ВА «БелАЗ». З 2012 года – у складзе холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ». МВЗ з’яўляецца адзіным вытворцам грузавога рухомага чыгуначнага саставу ў Рэспубліцы Беларусь. Сістэма менеджменту якасці вытворчасці і абслугоўвання грузавога рухомага чыгуначнага саставу адпавядае патрабаванням СТБ ІСО 9001-2001. Зараз прадпрыемства выпускае ўніверсальныя паўвагоны, вагон-хоперы для перавозкі мінеральных угнаенняў, цэменту, збожжавых культур, крытыя вагоны, платформы для перавозкі лесаматэрыялаў і піламатэрыялаў, каляскі для грузавых магістральных вагонаў каляіны 1520 мм і вагонаў прамысловага транспарту.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая