RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскія ратавальнікі душэўна павіншавалі з Днём Перамогі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і пажарнай службы Андрэя Сямёнавіча Маісеева

Гэтым летам магілёўцу Андрэю Сямёнавічу Маісееву споўніцца 97 гадоў. Да ўрачыстасці яшчэ некалькі месяцаў, а Дзень Перамогі – зусім хутка. Са святам сёння цёпла павіншавалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і пажарнай службы магілёўскія ратавальнікі. Пад вокнамі кватэры заслужанага чалавека, які пражывае ў пяціпавярхоўцы на бульвары Юбілейны, духавы аркестр абласнога ўпраўлення МНС выканаў яго любімыя «Дзень Перамогі», «Тры танкісты», марш «Развітанне славянкі». Пад гукі музыкі прадстаўнікі Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, гарадскога аддзела па НС, гарвыканкама, адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, прадпрыемстваў уручылі ветэрану кветкі і падарункі.

Крануты такой увагай, Андрэй Сямёнавіч сардэчна дзякаваў за віншаванні і ў сваю чаргу жадаў усім мірнага неба над галавой.

Ён, як ніхто іншы, ведае цану мірнага жыцця: падчас Вялікай Айчыннай вайны удзельнічаў у бітве за Сталінград, вызваляў Украіну, Малдову, Румынію, Венгрыю, Аўстрыю. Механік-кіроўца знакамітага танка Т-34, а затым цяжкага танка ІС-2, чатыры разы быў паранены, у тым ліку адзін раз – вельмі цяжка.

– Двойчы мяне завочна пахавалі родныя,– успамінае ветэран. – Але я выжыў назло ворагу, вярнуўся дадому. І яшчэ 22 гады адпрацаваў у пажарнай службе.

За Сталінград Андрэй Сямёнавіч Маісееў удастоены ордэна Айчыннай вайны II ступені. Ён яму вельмі дарагі, як і медаль «За баявыя заслугі», іншыя баявыя ўзнагароды.

Здароўя, даўгалецця, бадзёрасці духу жадалі сёння ветэрану прысутныя на ўрачыстасці землякі.

– Жыццёвы шлях Андрэя Семяновіча –гэта частка нашай агульнай гісторыі – адзначыў намеснік начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір Гарэлікаў.– На жаль, з кожным годам усё менш ветэранаў падзяляе з намі радасць пераможнай вясны. І мы павінны зрабіць усё магчымае, каб жыццё тых, хто яшчэ з намі побач, было спакойным і радасным, каб яны заўсёды былі акружаны ўвагай і клопатам. Наш абавязак –увекавечыць іх імёны, захаваць праўду аб мужнасці і самаадданасці гэтых людзей. Гэта будзе самым лепшым помнікам нашай Вялікай Перамозе! Упэўнены, гэтыя традыцыі працягнуць нашы дзеці, унукі, праўнукі. Мы нікому не дазволім перапісаць старонкі гісторыі і будзем імкнуцца стаць годнымі нашых дарагіх ветэранаў.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая