RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе «Студэнт года» прадставіць студэнтка МДУ імя А. А. Куляшова

На рэспубліканскім конкурсе «Студэнт года – 2022» Магілёўскую вобласць прадставіць студэнтка МДУ імя А. А. Куляшова Вольга Халадцова.

У актавай зале Беларуска-Расійскага ўніверсітэта сёння некалькі гадзін ішла сапраўдная творчая барацьба. Сёлета прадстаўляць Магілёўскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе будзе студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольга Халадцова. Яна вучыцца на 3-м курсе факультэта эканомікі і права і ў будучым марыць стаць судовым экспертам.

Дзяўчына расказала, што падрыхтоўка да конкурсу была вельмі сур’ёзнай і перамога стала вялікай нечаканасцю і радасцю. «Вядома, цяпер у мяне бура эмоцый, неверагодная радасць і эйфарыя ад перамогі! Я не чакала, што выйграю, але вельмі ў гэта верыла. Вялікім дасягненнем стала тое, што я выйшла ў абласны этап конкурсу, бо тут сабраліся самыя лепшыя студэнты з усяго рэгіёна. Сапернікі ўсе былі годныя, – расказала пераможца. – У мяне была велізарная падтрымка ад майго маладога чалавека, факультэта і ВНУ. Яны настройвалі на перамогу, казалі, што ўсё абавязкова атрымаецца. І калі сталі ўручаць дыпломы ўдзельнікаў, а мне нічога не далі, я зразумела, што ўсё ж такі нешта заняла. Але, шчыра, не думала, што гэта будзе першае месца».

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па працы са сродкамі масавай інфармацыі і маладзёжнай палітыкі Магілёўскага аблвыканкама і члена журы Таццяны Меншыкавай, выбіраць пераможцу было няпроста. «Усе ўдзельнікі былі адкрытыя і вельмі творча падышлі да падрыхтоўкі да конкурсу. Яны сталі на ўзровень вышэй, чым канкурсанты мінулых гадоў. Таму журы было складаней ацэньваць кожны этап, бо ўдзельнікі да самага канца ішлі практычна на роўных, – адзначыла яна. – Кожны з іх раскрыўся сёння на сцэне, паказаў максімум сваіх магчымасцяў. Наша моладзь самая класная, і я ёй вельмі ганаруся», – сказала яна.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая